Ра́ха ’неахайніца’: раха ходзіць без спадніцы (латг., Новы час, 2003, 23, 7), параўн. укр. ря́ха ’чапуруха’. Паводле Горбача (Арго, 30) сувязь апошняга з укр. ра́ха ’маладзіца, жанчына’ другасная, зыходная форма з цыганскага раклі ’дзеўка (не цыганка)’, што не пераконвае. Супрацьлеглае значэнне ў выніку атаясамлівання ня‑ (не-) у няраха (гл.) з адпаведнай узмацняльнай часціцай (гл. не-). Гл. атраха.
Раха́ва ’замарашка, гразнуля’ (Бяльк.). Гл. папярэдняе слова, словаўтварэнне як у разява (гл.).
Рахава́ць ’рабіць разлікі, падлікі’ (ТСБМ, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), рахава́цца ’раіцца, меркаваць’ (слуц., Гіл.; Сл. ПЗБ), рахова́ць ’улічваць, браць пад увагу’, рахова́цца ’раіцца, меркаваць’ (ТС), ст.-бел. раховати ’лічыць’ (Ст.-бел. лексікон; 1388, Булыка, Запазыч.). Параўн. рус. дыял. раховать, укр. рахувати ’тс’. Праз польск. rachować (Булыка, Лекс. запазыч., 81), што ад ням. rechnen ’рабіць падлікі, лічыць’ (Брукнер, 451). Борысь (507) дадаткова падае ад с.-в.-ням. rechen ’лічыць, падлічваць’. Адаптацыя карнявога ненаціскнога е > а пасля зацвярдзелага р, што было ўласціва для фанетыкі польскай мовы і праяўляецца ў іншых запазычаннях з нямецкай мовы (параўн. ратаваць, гл.).
Рахаві́ты ’рухавы’ (Мат. Гом.). Звязана з рахацца (гл.).
Рахамо́цце, рахамо́цье, рахамо́сцье ’хлам, анучы, барахло’ (ТС), сюды ж, магчыма, рахаму́д ’абарванец’ (Яўс.). Параўн. укр. палес. рахомо̂́тʼjе ’хлам, барахло’ (Лексика Пол.). Няясна. Відаць, складанае слова, першая частка якога рах(а) — можа быць звязана з раха ’неахайніца’ (гл.) ці рахацца ’корпацца’ (гл.), а другая з матаць (гл.) ці му́дзіць (гл.). Параўн. таксама рахапе́цце ’манаткі’ (гл.), рахлю́ддзе ’рыззё’ (гл.) і пад. Апошняе слова дапускае сувязь з рус. ру́хлядь ’рухомая маёмасць, пажыткі’, што звязана з рух (гл.), параўн. Фасмер, 3, 524. Варыянтнасць першай часткі адзначаных слоў дазваляе звязаць іх з рухамо́цце, рухмаццё ’манаткі’ і ўрэшце з рухомасць ’рухомая маёмасць’, гл. Да фанетыкі параўн. рахавіты ’рухавы’ (гл.), рыхмазка ’неахайная жанчына’ (гл.), не выключаны ўплыў формы рахманы (гл. рахмач).
Рахапе́цце (ръхапе́цьця) ’дробныя рэчы, манаткі’ (дзісн., Нар. сл.). Складанае слова, дзе першая частка рах(а) — хутчэй за ўсё звязана з раха (гл.) ці рахацца (гл.), а другая з пяць ’напінаць’ (гл.). Параўн. папярэдняе слова.
Ра́хацца ’збірацца, рыхтавацца, поркацца, капацца, шавяліцца’ (ТС), ря́хацца ’паціху, марудна збірацца’ (Растарг.). Параўн. укр. ра́ха́тися, ря́хатися ’збірацца, рухацца’, рус. дыял. ря́хнуться ’крануцца, сыйсці з месца’. Паводле Мяркулавай (Этимология–1986–1987, 148), да прасл. *raxati, *rexnǫti, дзе x < sk (> *resk‑ з першасным значэннем ’драць’ — ’плясці’), у аснове семантыкі — рэзкі рывок, штуршок як пачатак руху. Параўн. таксама Фасмер, 3, 449 (рус. раха́ть, рахну́ть ’кідаць; гнаць’, мяркуецца, узыходзяць да гукапераймання); SEK, 4, 189, 193 (фармальна блізкія каш. rakować są ’выпраўляцца, збірацца ў дарогу’, rëknǫ́c ’крануцца, скіравацца’ выводзяцца з ням. regen ’кранаць, рухаць’, rücken ’крануцца, пасунуць’).
Ра́хаць 1 ’рохкаць’ (Гарэц.), ря́хаць ’тс’ (Нас.). Фанематычны варыянт гукапераймальнага рохаць (гл.).
Ра́хаць 2 (ря́хаць) ’мець надзвычайную прыхільнасць да каго-, чаго-небудзь’ (Нас.). Фанематычны варыянт ро́хаць (гл.) ’мець моцную прыхільнасць да каго-небудзь, якая праяўляецца ва ўздыхах’ (Нас.) у выніку метафарычнага пераноса з ро́хаць ’рохкаць’ (гл. папярэдняе слова).
Ра́хва, рі́хва, ря́хва ’жалезны абруч на калясе воза’, ’прыстасаванне для ўмацавання спіц у колах’ (Лексика Пол., Сл. Брэс.), ра́фа ’тс’ (Лексика Пол.). Гл. рэхва.
Рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (мсцісл., З нар. сл.). Гл. рохля.