Ро́хля ’неахайны’ (Нас.), ’чалавек, неакуратны наогул і ў быце’ (шкл., КЭС), ’неахайны, брудны’ (маладз., КЭС; Мат. Маг.), ’вялы, неахайны’ (Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’неахайная гультаяватая жанчына’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), ’неахайная, нязграбная і дзікаватая жанчына’ (мсцісл., З нар. сл.), рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (там жа), ро́хля, ро́хліна, ро́хлішча ’неахайная асоба’, ро́хліцца ’рабіць неакуратна’, ро́хленне ’неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ), ро́хля ’тоўстая непаваротлівая жанчына’ (ТС), ’празмерна тоўстая разлезлая баба’ (слонім., Жыв. НС), рахэ́ля ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. ро́хля ’разява’, ’тупіца’; ’неахайны чалавек’, калуж. ’гультаяватая і тоўстая жанчына’, балг. ро́хла ’кабета або жанчына з непрычэсанымі валасамі’. Звычайна звязваюць з роднаснымі лексемамі ры́хлы, ру́шыць (Праабражэнскі, 2, 218); апошняе (ру́шыць) лічаць ітэратывам ад незафіксаванага ў слав. мовах *rusti ’рыць’, ад асновы якога *rou̯s‑ утварыўся дзеепрыметнік *ruxlъ, *ruxlʼa > польск. дыял. ruchla ’свіння’ (Фурлан у Бязлай, 3, 209), параўн. літ. raũsti, ràust ’рыць, капаць’, лат. rušināt ’разрыхляць’, ’перамешваць жар’, чэш. ruchati ’араць’ (Махэк₂, 525). З семай ’свіння’ звязана этымалогія Якабсона (IJSLP, 1, 268): ро́хля < ро́ха ’свіння’, ро́хкать ’рохкаць’ (Фасмер, 3, 508). Мацэнаўэр (LF, 17, 199) параўноўвае лексему з славен. ráhel ’рыхлы’, ’кволы’. Аднак можна сумнявацца наконт адпаведнасці вакалізма ra‑ і *ry. Сной₂ (599) выводзіць яго з дзеепрыметніка *raxlъ < *ra̋sti ’рыць, грэбці, штурхаць’ > славен. rášiti ’тс’, макед. рошка ’рыцца, корпацца, кешкацца’, балг. ро́хав, рохкав ’рыхлы, мяккі, пяшчотны’, ре́ша ’часаць, прычэсваць’. Гл. таксама Бярнар (Бълг. изсл., 248–249), які выводзіць балг. ро́хла з ро́хав, ро́хлест ’непрычасаны, ускудлачаны’, што звязаны чаргаваннем з ре́хав ’калматы, рыхлы’, апошняе да ря́дък ’рэдкі’. Неславянскае паходжанне прапануе Масковіч (Зб. Талстому, 355), ад яўрэйскага ўласнага імя Rokhl/Rukhl.