Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раёва́ць ’жыць у шчасці і дастатку’ (ТС). Ад рай1 (гл.), праз параўнанне ’жыць, як у раі’, словаўтварэнне як у бедава́ць, гарава́ць.

Раёк у песні: Ішоў раёк дарогаю, / дарогаю шырокаю. / Хади раёк, на мой дварок (Рам. 8), ’пучок нязжатага жыта на полі, убраны кветкамі’, ’дажыначная песня’ (рас., брасл., красл., Сл. ПЗБ). Памяншальная форма ад уласнага імя міфічнай істоты Рая — апякуна ўраджаю і багацця, “жытнага дзеда” (Бел. міф., 422). Гл. рай2.

Раёўка (rajoŭka) ’густы зростак сучкоў на дрэве’ (Варл.). Да рай2, раіцца (гл.), параўн. тлумачэнне ў слоўніку: “раёўкі вешаюць у хлевя, каб статак вёўся” (там жа).

Раёўня, рае́ўня, раяўня́, раёўка, райні́ца ’посуд, куды аграбаюць рой’ (магіл., віц., палес., ЛА, 1), рае́льнік, рае́ўніца, раёўнік ’прыстасаванне для лоўлі пчалінага рою’ (глыб., в.-дзв., слонім., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), раёк ’каробка для пчалінага рою’ (Нас., Гарэц.), укр. роі́вня. Ад рой1 (гл.).

Раёшкі: у раёшкі ’поўна, даверху’. З у краёчкі (краёшкі) ’да краёў’, дзе адпала пачатковае ‑к‑. Ад край1 (гл.).