Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Рас ’нераст у рыбы’ (нясвіж., ЛА, 1), таксама звязаны з ім (і, што паказальна, зафіксаваны там жа) дзеяслоў расу́е ’рыба нерастуе’, пры якім прывабна, але наўрад ці магчыма актуалізаваць інфінітыўную форму накшталт *расава́ць. Аддалены вынік словаўтваральна-семантычнага пераасэнсавання лексемы не́рас (< не́раст, гл.), якая магла ўспрыняцца як адмоўная форма рас і, такім чынам, дээтымалагізавацца. У сувязі з гэтым на карце № 327 (ЛА, 1) звяртае на сябе ўвагу заходняя мікраізаглоса субстантыўных і дзеяслоўных форм без фінальнага ‑т.

Рас-, ро́с‑ фанематычны варыянт прыстаўкі раз- (гл.).

Ра́са1 ’верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства’ (ТСБМ), сюды ж ра́сішча (ря́сище) ’падранае адзенне, лахманы’, pácce, ря́ссе ’транты, рыззё, зношанае адзенне’ (Нас., Мат. Маг., Юрч., ЛА, 5, Растарг.), ря́ска ’неахайная жанчына ў падранай вопратцы’ (хоцім., Янк. 2), ’зношаная адзежына’ (Юрч.); ст.-бел. рѧсы: рѧсы золотыи оучинимъ тобѣ (Альтбаўэр). Запазычана праз стараж.-рус. і ц.-слав. раса ’тс’ з с.-грэч. ράσον ’манашаскія шаты, убор’, н.-грэч. ρασο ’тс’; зыходнай формай лічыцца лац. rāsum (Фасмер, 3, 443–444, 538; БЕР, 6, 185). Формы з ‑я‑ (‑ѧ‑) другасныя, параўн. рус. ря́са ’убор святара, манаха’, укр. ря́са ’тс’, паводле Брукнера (6) з ням. Rasch ’грубая тканіна, камлот’; усходнебеларускія формы, магчыма, з’яўляюцца гіперычнымі (у мяккаэрых гаворках) або ўзніклі пад уплывам *ręsa ’махры; вісюлькі’ (гл. раса́2).

Ра́са2 ’групоўка людзей аднаго фізічнага тыпу’, ’парода’ (Некр. і Байк., ТСБМ). З ням. Rasse (праз польскую або рускую); зыходнай можа быць італ. razza ’тс’ і араб. raʼs ’галава, выток’ (Брукнер, 454; Фасмер, 3, 444; Сной₂, 602). Сюды ж расо́вы ’пародзісты, надзелены якасцямі добрай пароды’ (Скарбы), што з’яўляецца запазычаннем з польск. rasowy ’тс’.

Раса́1 ’вадзяныя кроплі на паверхні раслін’ (ТСБМ, Стан., Ласт., Сл. ПЗБ), pocа́ ’тс’ (ТС), расі́на ’капля расы; вельмі малая колькасць якой-небудзь вадкасці’ (Нас., Байк. і Некр., Ян.), расі́ца памянш. ’раса’ (Нас.), ро́ска ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС), параўн. ст.-бел. роса ’тс’ (Альтбаўэр), укр. роса́ ’раса’, рус. роса́ ’тс’, польск. rosa ’тс’, в.-луж., н.-луж. rosa ’тс’, чэш., славац. rosa ’тс’, ’пот’, ’сляза’, славен. rósa ’раса’, ’пот, сляза’, серб., харв. roòa ’раса’, балг. роса́ ’раса’, ’кропля поту’, макед. роса ’тс’, ст.-слав. роса ’тс’. Прасл. rosa, параўн. літ. rasa, лат. rasa ’тс’, ’дробны дождж’, грэч. δρόσος ’кропля расы’, ’вільгаць’, ст.-інд. rasā‑ ’сок раслінаў’, ’вільгаць’. Імаверна, аддзеяслоўная форма ад і.-е. асновы *res‑ ’цячы’ < *eres‑ ’тс’, параўн. хец. aršzi, ст.-інд. ársati ’тс’ (Міклашыч, 283; Фасмер, 3, 503; Скок, 3, 158; Бязлай, 3, 197; Шустар-Шэўц, 2, 1237; Глухак, 531; Сной, 545). Сюды ж раса́, роса́ ’пацёкі на вокнах’ (Сл. ПЗБ; чач., хойн., лельч., ЛА, 4) — метафарычны перанос, параўн. рус. пск. роса́ ’тс’, літ. rasóti ’пакрывацца расой’ і ’запацяваць (пра акно)’. Параўн. таксама як раса́ вісі́ць ’пра вялікую колькасць’ (Ян.).

Раса́2 ’жытняя кветка’ (Арх. Федар.): расуе жыта, што раса, калмаценька (дзятл., Сл. ПЗБ), ’цвіценне, красаванне’: расуе жыта, пускае расочкі — гэта раса (воран., Сл. ПЗБ), ре́сы ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., ЖНС), ра́сы ’махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), сюды ж расо́чка ’пылок кветкі жыта’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр. ря́са ’каласок жыта ці аўса’, рус. дыял. ряса́, ря́са ’махры, кутасік’, польск. rzęsa ’вейка’, ст.-польск. rzęsa ’усялякія вісячыя ўпрыгожванні’, rząsa ’коцікі ляшчыны і альхі’, чэш. řasa ’вейка; складка (у тканіне)’, славац. riasa ’тс’, н.-луж. rěsa ’мужчынскія кветкі на вярбе, альсе, бярозе, што маюць форму завушніцы’, славен. resa ’асцюк; ніці, што вісяць па краі адзення’, серб.-харв. ре́а ’кіціца; махры, кутасік’, балг. реса̀ ’тычынка, суквецце арэха, ляшчыны, вярбы; фрэнзлік, кутасік’, макед. реси мн. л. ’водарасці (у Охрыдскім возеры)’. Ад прасл. *ręsa, што хутчэй за ўсё з *ręd‑sa < *ręd‑ (Фасмер, 3, 538; Бязлай, 3, 173; Сной, 534; Глухак, 525), роднаснага да *ręditi ’упрыгожваць’, ’нанізваць’, параўн. рус. наряжать, наряд, рядить. Іншыя версіі гл. Махэк₂, 529 (< *rępsáti ад кораня *ręp‑ ’драць, трапаць, згібаць’), Скок, 3, 131 (няпэўнае параўнанне з ст.-інд. raçana ’папружка, рэмень’, прапанаванага раней Младэнавым, 560). Няяснымі застаюцца адносіны да краса, красаванне ’цвіценне злакавых раслін’ (гл.). Спробы вытлумачыць семантычную эвалюцыю ад *krasa ’росквіт жыцця’ да *krasa > rasa ’кветка раслін’ не ўлічваюць розную якасць *r‑ (непалаталізаваны/палаталізаваны). Параўнанне краса ’ўпрыгожванне, паляпшэнне свайго выгляду, выстаўленне сябе на агляд’ і краса́, раса́ ’квітненне злакавых’, што супастаўляюцца з паралельнымі формамі з семантыкай ’выхваленне, праслаўленне, хвальба’ — ісл. hrosa ’хваліць, хваліцца’, hroesni ’хвальба, ліслівасць’, нарв. rose ’тс’, нарв. дыял. rösen ’статны, заўважны, відны’, швед. rosa ’праслаўляць’ (Общ. лекс., 144–146), не пераконваюць. Можна канстатаваць адваротнае развіццё раска > краска, падобна як сустракаецца пераасэнсаванне ветка > кветка і наадварот (Станкевіч, Зб. тв. 1, 442–443): арш. кветка аўсу, квяцісты авёс / гродз. ветка аўсу, вяцісты авёс, параўн. адарві кветку кляновую (Нас.). Гл. расаваць.

Раса́3 ’абрадавы выхад (святкаванне з рытуальнымі дзеяннямі і пачастункам) у поле на веснавога Юр’я’ (мін., Доўн.-Зап. 1), расу́ таптаць (Шлюб.), хадзіць на ро́су (лях., Архіў БЭЛА), росу трусыты/тэрусіць/гнать ’тс’ (пін., Агапкіна, Основы), Rasa ’Купанне’ (Федар. 1). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў тыпу (ісці, пайсці, выйсці, хадзіць і пад.) на/у расу з далейшым пераасэнсаваннем назоўніка як каляндарнага тэрміна сферы традыцыйнай культуры. Параўн. рус. зах. роса́ ’свята Івана Купалы’ (Даль), калін. ро́сы мн. л. ’касьба раніцой або ўвечары’, уладз. па ро́су пойти ’пайсці на сенакос’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424–426; Агапкіна, Основы, 417–418.

Раса́4: расы́ няма на яго ’пажаданне няшчасця’ (Ян.). Верагодна, аддалена звязана з народнымі ўяўленнямі аб расе як шкоднай вадкасці (амбівалентнымі звычайным пазітыўным, жыццядайным), якая набывае такія ўласцівасці пад чароўным уздзеяннем. Таксама імавернай падаецца метафарычная замена: (хваробны, смяротны) пот → раса. Параўн. рус. дыял. медвяная роса́ ’хвароба раслін, пры якой яны пакрываюцца саладкаватай жыжкай’, варонеж. ро́сный ’заражаны мучністай расой ці грыбковымі хваробамі (аб раслінах)’, а таксама укр. перегна́ти на ро́су (каго) ’даць каму-небудзь; выцяць’. Да раса1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424. Параўн. росісць ’нешта дрэннае’: шоб вас поела росісць (ТС), гл.

Расава́льнік, расава́ннік ’ранні баравік’ (лід., дзятл., Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.), расаві́к ’тс’ (беласт., Жыв. сл.), ’падбярозавік (баран., Нар. словатв.). Ад расава́ць (гл.), бо грыбы з’яўляюцца ў час, калі красуе (расуе) жыта. Іншая матывацыя ў расаві́к ’дажджавы чарвяк’ (Скарбы) — да раса1 (гл.).

Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск. дыял. rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен. pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.

*Ра́савы, ра́сову ’светла-шэрай з жаўцізной масці (аб кані)’ (ТС). Няясна; магчыма ідэнтычна расо́вы ’пародзісты’ (гл. ра́са2).

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Раса́к ’конь рысак’ (лудз., Сл. ПЗБ). Варыянтнае да рыса́к ’тс’, параўн. рус. дыял. рыскливый ’прыткі, хуткі’. Вымаўленне з карнявым ‑а‑, імаверна, абумоўлена другаснай рэдкай вакалізацыяй рэдукаванага ў пераднаціскной пазіцыі *rъsak > *rasak. Гл. рысь1.

Расакі́ля ’гусялапка востравугольная, Alchemilla acutangula’ (ігн., Сл. ПЗБ). Літуанізм; паводле аўтараў слоўніка з літ. rasakilà ’тс’, што з rasá ’раса’ і kìlti ’узнімацца, уздымацца, расці, павялічвацца’. Параўн. расі́чка (гл.).

Расале́ня, расалёнік ’страва з квашаных буракоў’ (трак., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, з літ. rasaliẽnė ’тс’ (там жа), параўн. расо́льнік.