Ветка 1 ’галінка’ (Грыг., Рам., 6, Касп., Бяльк.), палес. вітка, ветка ’мяцёлка проса, аўса, грэчкі’ (Выг., Шатал.), лаг. ве́тка ’некалькі кветак, якія зрасліся разам; некалькі ягад на адной галінцы’ (КЭС), укр. вітка, віть, вітьва ’галіна’, палес. ві͡етка ’тс’, вʼетка ’гронка ягад, дробных пладоў, кветак’, рус. ве́тка: арл. ’сасновая галінка з шасцю канцамі, аздобленая лялькамі, пацеркамі, званочкамі’, маск. ’бульбянік’, краснадар. ве́тки ’дрэвы’, валаг. калін., арл., ’націна бульбы, гароху, гуркоў’, пенз. ’мяцёлка аўса’, пск., смал. ве́тка ’вяха ля дарогі’; ’двое рабочых з тройкай коней на лясных промыслах’, польск. wietka ’тс’, witka ’галінка, лазінка; вусікі ў раслін’, чэш. рэдкаўж. větka ’галінка’, серб.-харв. уст. ве̏тка, макед. ветка, балг. ветка, ветчица ’тс’. З’яўляецца праславянскім дыялектызмам з коранем vět‑ (з *u̯oit‑), які меў другую ступень чаргавання галоснага *vit‑ (з *u̯eit‑); параўн. славін. vjītev, славен. vȋtva і вышэй адзначанае польск. witka, якія звязваюцца са ст.-прус. apewitwo, witwan ’нізкая вярба’, літ. vytìs ’лаза’, лат. vītnes ’вусікі ў раслін’, vītols ’вярба’, грэч. οἶσος, οἰσύᾱ (*voituva), ἰτεα (Ϝιτέα) ’тс’, лац. vītis ’лаза, вусік’, ст.-в.-ням. wîda ’вярба’, ст.-інд. vajā ’галіна’, vētasás ’вадзяная павойная расліна, Calamus rotang’, авест. vaēiti ’лаза’ (Фасмер, 1, 306). У такім выпадку vit‑/vět‑ з’яўляюцца роднаснымі з viti, vьjǫ. Аднак некаторыя славянскія формы з ‑ě‑ не маюць дзеепрыметнікавай зычнай ‑t‑: славен. vȇja, ст.-слав. вѣꙗ ’галіна’, балг. вейка ’тс’, вей ’хаціна, пакрытая галінкамі’, вейка, вѐйчица, вейник ’тс’, якія адносяцца этымолагамі да viti ’віць’ (БЕР, 1, 129, 138; Рудніцкі, 1, 443) або да vějati ’веяць’ (Голуб-Копечны, 414; Міклашыч, 387). Формы з ‑к‑а з’яўляюцца дэмінутыўнымі ад věta (укр. віта ’галіна’). Бел. ви́тка ’тс’ (Нас.) паходзіць, відавочна, з польск.
Ве́тка 2 ’чыгунка, якая адыходзіць убок ад асноўнай чыгуначнай магістралі’ (БРС, КТС), з рус. ве́тка ’тс’.