Краса́ 1 ’хараство, прыгажосць’ (ТСБМ, Шат., ТС). Укр. краса, ст.-рус. краса ’тс’, ст.-слав. краса ’тс’, ст.-польск. krasa, чэш. krasa, славац. krasa, в.-луж. krasa, н.-луж. krasa ’тс’. На ўнутраную форму прасл. krasa пралівае святло этымалогія, якая звязвае гэту лексему з прасл. krěsъ (Ваян, Зб. Младэнаву, 284–285). Прасл. krasa на падставе пашыранага пераважна абстрактнага значэння ’прыгажосць’ і канкрэтнага ’чырвоны колер’ рэканструявалася ў гэтым значэнні. Пры параўнанні з прасл. krěsъ (рус. крес ’ажыванне, адраджэнне’, серб.-харв. кре̏с ’Іванаў дзень’) была звернута ўвага на тое, што krasa (параўн. лац. cresco ’вырошчваю’) магло першапачаткова абазначаць ’колер жыцця, ажыўленне’. Канкрэтнае значэнне для краса і краска 1 (гл.) не захавалася на беларускай глебе таму, што прасл. krěsъ было выцеснена ўсходне-славянскай інавацыяй Купала (гл.). Прасл. krasa страціла ў гэтым рэгіёне сакральнае значэнне (Мартынаў, Лекс. Палесся, 29–30). Параўн. агляд іншых этымалогій у Трубачова, Эт. сл., 12, 95–97.
Краса́ 2 ’цвіценне злакавых раслін’ (Сл. паўн.-зах., ТС, КЭС, лаг., Клім.). Гл. краса 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)