Купа́ла1 ’свята 24 чэрвеня’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Крачк., Сцяшк., Гарэц., Чач., Кліх, ТС). Укр. купала, купало, рус. купала, ст.-рус. купала ’тс’. Вядома, што, згодна з традыцыяй, купала разглядаецца як усходнеславянскі пераклад са ст.-грэч. βαπτιστής ’хрысціцель’. Іван Купала адпавядае грэч. Ἰωάννης ά βαπτιστής (Іаан Хрысціцель). Але ёсць падставы меркаваць, што лексема купала мае старажытнае, яшчэ дахрысціянскае сакральнае значэнне. Аб гэтым сведчаць шматлікія этнаграфічныя і фальклорныя даныя. У Заходнім Палессі купала мае значэнне ’касцёр, агонь’, якое можна суаднесці з бел. купець, купаць ’гарэць без полымя, дымець’ (гл.), kupěti/kǫpati з сакральным значэннем ’ачышчаць агнём’ (параўн. лац. pūrus ’чысты’ і ст.-грэч. πύρος ’агонь’). Тады да ліку суадносных лексем можна аднесці ст.-грэч. καπνός ’дым’ (< κϜαπνος), лац. vapor ’пара, дым, агонь’ (< *ku̯apos), прасл. kopъtь (< *kvopъtь): *ku̯op‑/kou̯p‑. Незалежна ад верагоднасці гэтай этымалогіі бел. купала ’касцёр, агонь’ звязваецца з бел. купаць ’гарэць’. Прадуктыўны суфікс ‑ла для назваў дзеячаў (параўн. купала) сведчыць аб анімізацыі назвы ’кастра, агню’. З гэтага пункту погляду купала адначасова ’касцёр, агонь’ і нейкі ’дух агню’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210–211 з літаратурай).

Купа́ла2 ’братаўка дуброўная, Melampyrum nemorosum’ (Жыв. сл., Кіс.). Сакральна звязана з Купаллем. Гл. купала1. Параўн. таксама купалка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)