Не- (ня‑) адмоўная часціца ў якасці прэфікса і ў складзе словазлучэнняў, вядомая усім славянскім мовам. Прасл. *ne‑, ідэнтычнае па паходжанню адмоўю *не (гл. не 1); у шэрагу выпадкаў выконвае чыста структурную функцыю, утвараючы назвы прадметаў з «адмоўным» значэннем, параўн. нягода ’дрэннае надвор’е’ пры пагода ’добрае надвор’е’, нясла́ва ’ганьба’, няволя ’палон’ і пад.; выступае як дээтымалагізаваны элемент, параўн. небара́ка ’нябога’, ненаві́дзець (гл.), часам у якасці т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя, параўн. неўбой ’неслух’ (Растарг.) і убой ’тс’, якое можа выкарыстоўвацца для табуізацыі, параўн. не́вад (гл.), нячы́сцік (гл.), нядо́бры ’вуж’ (ТС) і пад. (гл. ESSJ SG, 2, 446–448; Шустар-Шэўц, 13, 1006–1007; Талстой, Зб. Рэфармацкаму, 282–287; Папова, ФН, 1971, 1, 81–92). У складзе словазлучэнняў: не (ў)ва што ’няма ў што’ пры не́вашта ’тс’ (Растарг.); не ў змогу ’сіл не стае; няма сілы’ (Нас.), не ў чо́м ’ах як; вось чаму; вось табе і’ (Нас.) пры неўчом ’нездарма, то-та ж’ (ТС) і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)