Та́ры-ба́ры ’пустая размова, балбатня’ (ТСБМ), ’пустыя размовы’ (дзісн., Нар. сл.); сюды ж тараба́рыць ’балбатаць’ (ТСБМ), тараба́рыцца ’бязладна, шумна размаўляць’ (Юрч. Вытв.). Укр. та́ри‑ба́ри ’балбатня’, дыял. тараба́ри ’інтымная размова; пустая балбатня’, рус. та́ры‑ба́ры ’балбатня’, дыял. тараба́ры ’балбатня, размова’. Спалучэнне дзвюх рыфмаваных асноў не зусім высветленага паходжання, магчыма, гукапераймальнай прыроды. Першую з іх атаясамліваюць з элементам та́р(ы/а)‑ у тарато́рыць (гл.), суадносным з тала‑ ў талатоніць (гл.), другую — з ба́р(ы/а), напрыклад, ва ўкр. ба́ры ’балбатня’, у рус. бараба́ритъ ’тараторыць’, паводле Саднік і Айцэтмюлера (2, 123), суадноснае з бала‑ (гл. балакаць, балабоніць), якія з’яўляюцца ўтварэннямі, што ўзыходзяць да і.-е. *bha‑ (Фасмер, 4, 25; ЕСУМ, 5, 522; 1, 142–143; Мельнічук, Этимология–1987, 61; Варбат, Этимология–1982, 26). Паводле Варбат (Этимология–1984, 38), значэнне ’гаварыць’ для спалучэння другаснае, асноўнае — ’адходы вытворчасці’, што да *toriti (< *terti, гл. церці) і *bьrati (гл. браць). Праблематычна, хутчэй за ўсё, пераважала першаснае сінкрэтычнае значэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)