Тарато́рыць ’гаварыць вельмі хутка, скарагаворкай’ (ТСБМ), ’гаварыць хутка, гучна’ (мёрск., Нар. лекс.), ’балбатаць, гаварыць абы-што’ (Ласт., ТС), тарахто́рыць ’балбатаць, лапатаць, сакатаць’ (Скарбы); сюды і тарата́рыць, гл. Параўн. укр. дыял. тарато́рити ’балбатаць, плявузгаць’, рус. тарато́ритъ ’лапатаць’, чэш. trátořiti, славац. trátoriť ’шмат гаварыць, балбатаць’. Прасл. дыял. *tortoriti з прасл. *tortor‑, якое з’яўляецца падвоеным індаеўрапейскім коранем *tor‑ ’гучны; выразны’, магчымы варыянт *ter‑ (Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 284–286). З непадвоеным коранем у серб.-харв. тр̀тосити ’балбатаць не змаўкаючы’, рус. дыял. бато́рить ’балбатаць’, гл. таксама гутарыць, што да *toriti, гл. ЭССЯ, 1, 166; Атрэмбскі, Зб. Романскаму, 72; параўн. таксама славен. trtrati ’шумець, мармытаць’ < *tьr‑tьr‑ (Куркіна, Диал. структура, 86: узводзіць да *terti, гл. церці). Індаеўрапейскія адпаведнікі: літ. tarýti > tar̃ti ’вымавіць; сказаць’, грэч. τορός ’прарэзлівы’, *τορέω ’выразна абвяшчаю; прабіваю’, ст.-інд. tāṛá ’гучны; праніклівы’, хец. tar‑ ’казаць; называць’ (Фасмер, 4, 86–87; Махэк₂, 636; Карскі 2-3, 87; Чарных, 2, 229; Новое в рус. этим., 230; ЕСУМ, 5, 521).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)