Тармасі́ць ’тузаць, торгаць’, ’чапляцца’ (ТСБМ), ’трасці, тузаючы; цягаць, рваць’ (Нас.), ’трасці, тузаць’ (Ласт., Растарг.), ’торгаць за валасы або вуха’ (Варл.), ’растрасаць пражу пасля адпарвання’ (Жд. 2), тармасі́ць ’тармазіць’ (Гарэц.), тормосі́ті ’трасці’ (Вруб.), тармасі́ць, тармашы́ць ’торгаць’ (Некр. і Байк.), тармасну́ць ’трасануць’ (Юрч. Вытв.), тармса́ць ’тузаць, торгаць, трапаць’ (ТС); ст.-бел. тармоси́ти, тормоси́ти ’тармасіць’ (1597 г., КГС); сюды ж тармаса́ ’валтузня, важданіна, тармашэнне’ (Нар. словатв., Федар. 4), тармасава́цца ’валтузіцца’ (Яруш.; навагр., Шн. 2), укр. термо́сити, дыял. тормо́си́ти ’цягаць, тузаць, трэсці; хістаць’, тирмо́сити ’тармашыць’, рус. тормоши́ть ’тс’, польск. tarmosić, дыял. termosić ’тузаць, трасці; мяць, гнясці’, славац. trmosiť sa ’трэсціся, тузацца’, а таксама фармальна адрозныя без суф. ‑os‑, што інтэнсіфікуе дзеянне, укр. дыял. те́рмати ’тармашыць, тузаць, трасці’, чэш. trmácet ’мучыць, стамляць’, дыял. trmati ’тс’, славац. trmať ’вырываць, тармасіць, тузаць’. На падставе апошніх выводзіцца мажлівае прасл. *tr̥mati ’тузаць, рваць’, што з першаснага *tr̥m‑ < і.-е. *ter‑ з пашыральнікам ‑m‑ і значэннем ’церці’ (Борысь, 628). Мяркуюць, што можа быць аддалена роднасным да грэч. τρέμω ’трымчу, трасуся’, лац. tremo, ‑ere ’трымцець’, тахар. A träm ’тс’, тахар. B tremem ’трымценне, дрыжыкі’, алб. дыял. trem ’палохаюся’, літ. trìmti ’дрыжаць ад холаду’ (Фасмер, 4, 84; Махэк₂, 651; ЕСУМ, 5, 554).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)