Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сінаго́га ‘яўрэйскі малельны дом’ (ТСБМ), сынаго́га ‘тс’ (Ласт.), ‘важная асоба’ (Байк. і Некр.). Ст.-бел. синагога (синакгогия, сынакгокга, пал. XVIII ст.) з ст.-польск. synagoga, якое з XV ст. праз лац. synagóga ад грэч. συναγωγή (Булыка, Лекс. запазыч., 181).

Сіна́лька ‘ліманад’ (мядз., Жд. 2). Няясна.

Сіндзі-брындзі ‘нешта маленькае, неістотнае, або мудрагелістае’: “…дзеці ўсё елі на хаду… палабізуюць якія сіндзі-брындзі да і на двор” (полац., Нар. лекс.). Імітатыўная рыфмоўка. Параўн. польск. sinda‑pinda ‘мятла (у загадцы)’, sinduk‑pinduk ‘смецце (у загадцы)’ (Варш. сл.), чаш. zinknouti ‘ударыць’, дыял. (d)zingat, таксама гукапераймальнае, якое рыфмуецца з břinknoti (Махэк₂, 716). Не выключана, што другая частка выразу мае сувязь з брындаць ‘хадзіць, шлёпаць’ (гл ), а першая з сэндзіць ‘плявузгаць’ (гл.). Параўн. шэнды‑брэнды (гл.).

Сіневаро́ць ‘пралеснік шматгадовы, Mercurialis perennis L.’ (гродз., маг., Кіс., Байк. і Некр.). Да сіні і ‑варочаць; магчыма таму, што расліна пры сушцы набывае сіні або фіялетавы колер; гл. Нейштадт, Определитель, 371 і наст. Параўн. балг. син отврат ‘расліна, якая ў вадзе набывае сіні колер’ з той жа ўнутранай формай. Рус. синеворо́т, во́рот сини ‘казялец едкі’, якая, паводле Аненкава (290), часта ўжываецца ў чараўніцтве і таму, відаць, ад приворот ‘нагавор; прыварот, прычароўванне’.

Сіне́ль ‘шнурок з аксаміцістым ворсам’ (ТСБМ), сена́лька ‘стужка, каснік’ (Сцяшк. Сл.). Праз рус. сине́ль ‘аксамітны махровы шнур’ з франц. chenille ‘тс’, што да народналац. canicula ‘вусень, сабачка’ ад canis ‘сабака’ (Фасмер, 3, 624; ЕСУМ, 5, 235).

Сіне́льнік ‘хто фарбуе або робіць набойкі’ (Нас., Гарэц., Касп., Бяльк.), сіне́льня ‘месца, дзе фарбуюць тканіны, фарбоўня’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.). Да сіні (гл.), відаць, як найбольш распаўсюджаны колер пры фарбоўцы.

Сіне́ц ‘рыба сямейства карпавых’ (ТСБМ, Жыв. св.), ‘адзін з відаў ляшча’ (Жыв. св., Дэмб. 2, ТС). Назва ад “прыкметна сіняватага колеру” (Дэмб., 2, 551). Аналагічна рус. сине́ц, укр. сине́ць, польск. siniec, серб.-харв. sinjac ‘тс’, дыял. синъ́ц ‘плотка’. Каламіец (Рыбы, 27) рэканструюе прасл. *sinьcь ад *sinь, гл. сіні.

Сі́ні ‘колер, сярэдні паміж блакітным і фіялетавым’, (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цёмны’ (Ян.): сіня хмара (ТС), ‘бесталковы’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж сіні камень ‘купарвас’ (Байк. і Некр., Бяльк.), сіні лён ‘нямочаны лён’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. си́ний, рус. си́ний, ст.-рус. синь, рус.-ц.-слав. синь ‘сіні колер’, польск. siny, чэш., славац. siný, харв. sȋnj, серб. си̑њӣ ‘шэраваты, сіні’, славен. sínji ‘шэры, шэраваты, сіняваты’, балг., макед. син. Махэк₂ (543) прасл. форму ўзнаўляе як *sinь, але заўважае, што заканчэнне n‑jь не мае аналогіі ў назвах колераў. Прасл. *sinь, *sinьjь. Роднаснае сіяць і сівы, гл. (Фасмер, 3, 624; Скок, 3, 239–249; Брукнер, 492; Сной₁, 568); а таксама літ. šývas ‘светлай масці’, šėmas, šė̃mas ‘попельнага колеру, шэраваты’, ст.-інд. śyāmáh ‘чорны, цёмнага колеру’ і інш., гл. Траўтман, 306; Персаў 32; Майргофер, 3, 383; Ерне, Die slav. Farbenbenennungen, Uppsala, 1954, 81 і наст.; БЕР, 6, 655–663. Мяркуецца, што слова роднаснае таксама ст.-іран. axsaena, асец. œxsīn, афг. sīn ‘цёмна-шэры’, што было прадстаўлена ў першай частцы скіф. Axšaina‑ у назве Чорнага мора (раней Сіняе мора, грэч. Πόντος Ἅξεινος), што можа быць і крыніцай для *sinь (гл. Абаеў, 1, 220; Глухак, 548; Мартынаў, Язык, 52; Лома, Пракосово, 40). Да і.-е. кі‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. *‑ńь (Борысь, 548). Параўн. сівы. Інакш Сной₁ (568), які звязвае з прасл. *sьjati ‘ззяць’ < і.-е. кораня *skei̯‑ ‘свяціцца, блішчэць’, адкуль першаснае значэнне славянскага слова ‘колер ззяючага неба’. Талстыя (Полес. сб., 9) звярнулі ўвагу на палеска-сербска-харвацкую ізасему си́не редно́ ‘суровае палатно’ — си̑њ ‘жаўтаваты, попельна-шэры’ (акрамя значэнняў ‘сіні’ і ‘чорны’), што дае падставы для рэканструкцыі зыходнага значэння як ‘цёмна-шэры, шэры’ (Іванова, Зб. Бархудараву, 288).

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2-3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Сіні́цы ‘буякі’ (лід., шчуч., воран., астрав., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; шчуч., гродз., пін., ЛА, 1). Да сіні, паводле колеру, параўн. іншую назву сі́нія гало́вы (ЛА, 1). Паводле Астрэйкі (АКД, 11), семантычны рэгіяналізм, параўн. літ. дыял. mèlỹnė ‘тс’ < mė́lynas ‘сіні’, лат. zilenes ‘буякі’ < zils ‘сіні’.