Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ташча́к ’схуднелая жывёла (з упалымі бакамі)’ (ашм., ЛА, 1): у ташчак ’нашча’ (брасл., Сл. ПЗБ). Суфіксальны назоўнік ад тошчы, гл.

Ташча́лый ’знясілены, худы’ (даўг., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка мяркуюць пра ўплыў літ. tùščias ’пусты’, хутчэй “элавы” дзеепрыметнік ад *ташча́ць ’худнець’ па тыпу стая́лы ’застоены’ (РБС). Гл. тошчы.

Ташча́нка ’чыстая гарэлка без дамешкаў’ (Ласт.). Да тошчы ’пусты’, гл.

Ташчы́ма ’без паклажы’ (паст., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчы́мны ’нішчымны, посны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ташчы́мніца ’нішчымніца’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе, утворанае з суф. ‑ма ад тошчы ’пусты’ (гл.) па тыпу куды́ма, туды́ма (адносна такіх утварэнняў гл. Карскі 2-3, 67), магчыма, пад уплывам тэрытарыяльна блізкіх і роднасных літ. tuščióm, tuščiomìs ’паражняком, з пустымі рукамі, ні з чым’, tuštỹmė ’пустое месца’. Параўн. нішчымны (гл.), для якога ў якасці этымона побач з прапанаваным спалучэннем ні з чым можна дапусціць ні́шчы ’бедны’ (гл. нішчаць).

Ташчы́ца ’дапушчаная памылка пры ўвядзенні асновы ў бёрда’ (глыб., мядз., Сл. ПЗБ), ташчані́ца ’пустая пятля ў ніце’ (віл., Жд. 1), ’дапушчаная памылка пры ўвядзенні асновы ў бёрда’ (віл., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчу́ха ’памылковае ўцягванне асновы ў ніт (у кроснах)’ (Варл.), ’брак пры тканні палатна, калі разрываецца нітка ў аснове’ (Сцяшк. Сл.). Да тошчы ’пусты’ (гл.), параўн. мінуха ’памылка пры накідванні асновы ў бёрда’, гл. Гл. таксама шчуха.

Ташчы́ць ’несці, цягнуць’ (Нас.), ’капаць (бульбу)’ (Сцяшк. Сл.), ташчы́ты ’выбіраць бульбу рукамі’ (Сл. Брэс.), ’разграбаць рукамі выараны рад бульбы, капаць бульбу’ (кобр., Нар. лекс.; Ск. нар. мовы). Укр. тащи́ти ’цягнуць, валачы’, дыял. ’зграбаць сена’, рус. тащи́ть ’тс’, польск. taszczyć ’тс’ (з усх.-слав., гл. Борысь, 628). Гл. таскаць.

Та́я — указальны займ. ж. р. ад той (Нас., Ласт., Вруб.), ст.-бел. таꙗ, таѧ ’тс’ (XVI ст., Карскі 2-3, 194; Альтбаўэр), сюды ж эўфемізм та́я ’задніца’ (Пятк. 2), ’рэч ці асоба, якой тут няма’ (Варл.), та́я ха́та ’святліца’ (пруж., Нар. скарбы), та́я сла́ва ’толькі знак’ (драг., З нар. сл.), та́ято (та́јато) ’вось тая’ (Вруб.). Параўн. укр., рус. дыял. та́я, стараж.-рус. таꙗ, макед. таа. Узыходзіць як форма ж. р. да *tъ‑jь (гл. той, то), неўскладненая форма та сустракаецца ў гаворках: і та гаворыць і та (ТС), паводле Карскага (2–3, 194), пад рускім ці польскім уплывам, аднак, магчыма і другаснае сцяжэнне з пропускам ‑j‑, параўн. таа (бых., Рам. 4).

Таямні́ца ’нешта скрытае, тайнае, загадкавае’, ’тайна’, ’таемнасць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), сюды ж таямні́чы ’патаемны’, ’загадкавы (пра чалавека)’, ’тайны, сакрэтны’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), таемні́чы ’тс’ (Вруб.). З польск. tajemnica, tajemniczy ’тс’, вытворных ад tajemny (Борысь, 625), гл. таемны.

Та́яць (та́иць) ’раставаць’ (Нас.), та́яць ’тс’ (Ласт., Бяльк.; ашм., Стан.), та́е, та́я, та́іць, та́не, та́ня ’растае’ (ЛА, 2), ст.-бел. таяти ’тс’ (КГС); сюды ж таць ’тс’ (гл.). Укр. та́яти ’раставаць’, рус. та́ять ’тс’, польск. tajać ’тс’, н.-луж. tajaś ’тс’, в.-луж. tać ’тс’, чэш. tát ’тс’, славен. tájati se ’тс’, серб.-харв. та̏јати ’прасочвацца, працякаць’, макед. дыял. таи ’тс’, ’раставаць’, балг. та́я ’тс’, дыял. та́е ’прапускае (пра порысты, няшчыльны посуд)’. З прасл. *tajati (*ta‑ja‑ti ад асновы цяп. ч. *tajǫ, *taješь) ’раставаць’, роднаснага да ст.-інд. tṓyam ’вада’, грэч. τήκω ’растопліваць; расчыняць’, дар. τάκω ’тс’, лац. tābeo, ‑ere ’раставаць, расцякацца; распадацца, разлагацца’, асец. t‘ayun ’раставаць’, арм. t‘anam ’змочваю, увільгатняю’, ст.-в.-ням. douwen, ням. tauen ’тс’, ст.-англ. þāwian, англ. thaw ’тс’, ст.-ірл. tām ’чума’, вал. tawdd ’растоплены’; усё да індаеўрапейскай асновы *tā‑ ’раставаць, расплаўляцца’ (Фасмер, 4, 30; Чарных, 2, 230; Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 515; Борысь, 625; Шустар-Шэўц, 1494; Бязлай, 4, 147; Трубачоў, Труды, 1, 313–314). Варыянты асновы ў раставаць, растаць.

Та-та ’абазначэнне мерных адрывістых гукаў, удараў’ (ТСБМ), ma‑ma‑ma ’пра трэск, тарахценне’, ’пра балбатню’ (мсцісл., Нар. лекс.). Адсюль тата́каць ’татахкаць’ (ТСБМ), татака́нне ’адзывацца гукам, які падобны да “та-та-та”’ (Нар. Гом.). Гукапераймальнае.