Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тай ’ды’: тай іде там ён возьме! (Растарг.). Параўн. укр. дыял. тай ’тс’, польск. дыял. taj ’ды, ды і’ (Варш. сл.). Спалучэнне злучніка та з і (ESSJ SG, 2, 633–634).

Тайба́ ’трыманне ў тайне, тайна’, ’утойванне, хаванне’: тайба грошай (Нас.). Прамая паралель у сучасных славянскіх мовах толькі ў славен. дыял. tȃjba (гл. Фурлан у Бязлай, 4, 147), што можна разглядаць як сепаратную беларуска-славенскую ізаглосу. Параўн., аднак, ст.-слав. таибьна ’тайна’, таибьно ’таямнічы, таемны’, таибьникъ ’асоба, якая валодае тайнай, жрэц, святар’ (толькі ў Супрасльскім кодэксе), стараж.-рус. таиба ’тайна’. Непасрэдна да прасл. *tajьba (сінанімічнага *tajьna, гл. тайна), якое з’яўляецца вытворным з суфіксам ‑ьbа (аб ім, але без кантынуантаў *taj‑ гл. Слаўскі, SP, 1, 61–62) ад *tajь ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (< *tajiti, гл. таіць). Гл. яшчэ Скок, 3, 434.

Тайга́ ’хвойныя лясы Поўначы’ (ТСБМ). З рус. тайга́ ’тс’, запазычанае сібірскае слова, непасрэднай крыніцай якога з’яўляецца цюрк.-манг. (Мурзаеў, РР, 1969, 1, 90 і наст.) або мясцовае тат. taiga ’лес’ (найменне зафіксавана каля 1735 г., але першая пісьмовая фіксацыя ў А. Радзішчава) з семантычным пераходам ’лес, тайга’ < ’скалістыя бязлесныя горы’ (падрабязна Анікін (524–525 з літ-рай) і слушным абвяржэннем версіі аб якуцкай крыніцы tai̯gatai̯ɣa ’лес; залатыя прыіскі’, якая хутчэй ужо з рускай мовы. Гл. таксама Фасмер, 4, 11; Чарных, 2, 224–225; ЕСУМ, 5, 503.

Та́йка ’сяброўка, таварышка’ (Бяльк., ПСл, Мат. Гом.), ’сяброўка (у звароце)’ (брагін., З нар. сл.; Нар. словатв.), ’сяброўка, якой давяраюць патаемныя думкі’ (Нар. Гом.), ’сардэчная сяброўка’ (слуц., маг., Стан.), ’зварот да жанчыны, пераважна да дзяўчыны’ (Ян., Растарг.), ’даверлівы зварот да дзяўчыны, жанчыны аднаго ўзросту’ (ТС), памяншальныя та́енька, та́ечка ’тс’ (Кос., ТС), та́ічка ’сяброўка’ (Мат. Маг.), ’таварышка, кума’ (Бяльк.), та́ечка ’даражэнькая, мілая, сяброўка, дзяўчынка’ (Растарг.), ’сяброўка, прыяцелька, паверніца тайн’ (Ласт.), сюды ж тэ́йка ’сяброўка, таварышка’ (калінк., Мат. Гом.). Параўн. укр. палес. та́я ’абазнаная ў шмат якіх тайнах жанчына; сяброўка-суседка’. Няясна; у народнай свядомасці звязваецца з таіць, тайна (гл.), параўн. не мажэ таіцца да й кажэ (Сержп.), та́йнік, тайка ’той, перад кім няма сакрэту, нічога тайнага’ (Ласт.). Аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад серб.-харв. tȃjka, tájko, tȃjko ’татка’, балг. тайко, те́йко ’татулька’, н.-луж. tejka ’бабуля’ і асабліва балг. дыял. а́йкъ ’сяброўка з маладых гадоў’: с нейъ бе́хме а́йки (БД, 5, 107), што належаць да т. зв. дзіцячых слоў гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1502.

Таймава́ць ’супакойваць, стрымліваць’ (Сцяшк. Сл.), часцей утаймава́ць, гл. З польск. tamować ’рабіць запруду, гаціць’, перан. ’суцішаць’, гл. тамаваць, тама.

Та́йна ’сакрэт; тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана’ (ТСБМ; 1913 г., КСНН; Ласт., Некр. і Байк.), ’таямніца’ (Бяльк., Вруб.), сюды ж суфіксальныя дэрываты з той жа самай семантыкай та́йносць (ТС), та́йнысьць (Бяльк.), ст.-бел. тайна ’таямніца’ (канец XV ст., КГС). Укр. та́йна, таїна́, та́йня, рус. та́йна ’таямніца’, стараж.-рус. та́ина ’тс’, польск. старое паэт. tajnia, в.-луж. tayeṅo, ’выгляд, прытворства’, tajenje ’таямніца’, серб.-харв. tȃjna, славен. tajna ’тс’, ст.-слав. таина ’тс’. Да прасл. *tajьna < *taj, якое, у сваю чаргу, з *tajiti, гл. таіць; параўн. укр. ота́й, пота́й ’употайкі’, серб.-харв. старое tȃj, tȁja, tāja ’таямніца’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’ + ‑ьna, аналагічна *vojna (аб суфіксе, але без кантынуантаў *taj‑ гл. Слаўскі, SP, 1, 137). Наяўнасць гістарычных паралеляў і дэрыватаў адназначна сведчаць на карысць спрадвечнасці наймення. Параўн. тайба, гл.

Та́йнік ’агент тайнай паліцыі, сышчык, шпік’ (вілен., Стан.), ’шпіён’ (глыб., Жыв. НС). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йны агент. Сюды, відаць, і та́йнік ’сябар, супольнік, памочнік’ (Ласт.), параўн. польскае wtajemniczony ’ўведзены ў курс справы’. Да тайны1 (гл.).

Тайні́к1 ’тайнае сховішча’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. тайни́к ’памяшканне, месца, якое служыць таемным прыбежышчам або сховішчам’; у гэтым значэнні ст.-рус. та́иникъ фіксуецца з канца XV ст. (Сразн.).

Тайні́к2 ’падучая хвароба’ (Касп.). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йная хвароба, дзе семантыка тайны1 (гл.), хутчэй за ўсё, ’няясны па паходжанні’, г. зн. не маючы знешніх прыкмет; унутраны. Сярод апісаных найбольш прадуктыўных славянскіх семантычных мадэлей эпілепсіі (Усачова, Слав. др., 3, 611–612) матыў ’тайны’ з такім разгалінавым напаўненнем не адзначаны, таму яго трэба лічыць уласна беларускім этналінгвістычным феноменам. Часцей, у прыватнасці ў замовах (жлоб., карм., нараўл., БНТ, Зам.), патайнік, гл.

Тайні́ца (tajnica) ’тое, куды няма доступу іншым; самае запаветнае, патаемнае месца; тайнік’ (1910 г., КСНН). Карэлят ж. р. да тайнік1 (гл.); верагодна, штучнае ўтварэнне.

Та́йны1 ’вядомы нямногім, загадкавы, таямнічы’ (ТСБМ, брасл., Сл. ПЗБ), ’скрытны (пра чалавека)’ (Ян.; люб., Жыв. НС), ’падпольны’ (Ласт.), ст.-бел. тайныи ’тайны’ (1457 г., КГС), сюды ж прыслоўе та́йна ’таемна, скрытна ад іншых’ (ТСБМ, Бяльк.), ’патаемна’ (Сл. ПЗБ), тайно ’тс’ (ТС). Укр. та́йный, рус. та́йный, стараж.-рус. таиныи ’тс’, польск. tajny, tajni, чэш., славац. tajný, серб.-харв. tȃjnī, старое славен. tajne ’тайны, схаваны’, ст.-слав. таинѣ ’таемна, скрыта’. Да прасл. *tajьnyjь, прыметнікавага дэрывата ад *tajьna, гл. тайна, таіць.

Та́йны2, та́йный ’танны’ (бяроз., ЛА, 3). Змена н > й у выніку дыялектнай дысіміляцыі падоўжанага санорнага. Аналагічны працэс з іншай субстытуцыяй зычных у тадны, гл.

Та́йстра ’клунак, хатуль, мяшочак’ (Нас., Гарэц.), ’кайстра, торбачка’ (Бяльк.), ’кайстра, торба, сакваяж, дарожны мяшок’, ’кашэль’, ’паднос’, ’сподак’ (Ласт.), та́йстрачка ’торбачка’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. тайстра, стайстра ’кайстра; торба’ (1556 г., Булыка, Запазыч., 316; Ст.-бел. лексікон). Укр. та́йстра, дыял. стра́йста ’торба, з якой кормяць коней’, рус. смал. та́йстра ’вялікі мяшок’, тра́йста ’кашэль’, старое польск. tajstra ’мяшок для прадуктаў (паляўнічы, салдацкі)’. Запазычанне з польск. (ст.-польск.) tajstra (Булыка, там жа), якое Брукнер (564) адносіў да чэш. tanistra ’(вайскавы) ранец’ з далейшымі нямецкімі і лацінскімі роднаснымі паралелямі; падрабязней гл. Фасмер, 4, 12; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388, а таксама ка́йстра. Больш верагодны шлях, паводле Враб’е (Зб. Расэці, 994–995), праз украінскую з рум. tráistă ’торба, мяшок, сумка’. Карпацкі балканізм, параўн. алб. tráistë ’тс’, якое, у сваю чаргу, з візант.-грэч. τάγιστρον ’мяшок для фуражу’ (ЕСУМ, 5, 504).