Та́шва ’ніжняя частка кашулі, надточаная іншай тканінай’ (Сакал., Лекс. Бел. Палесся). Няясна, магчыма, з *тачва ад тачыць 3 (гл.), збліжанае з шыць, параўн. прышва, прошва, гл.
Ташнава́ць ’нудзіцца, сумаваць’ (Нас., Рам. 8–9, Растарг.), ’тужыць, нудзіцца’ (Касп.), тачнава́ць (точнова́ць) ’тс’ (Нас.). Шматкратны дзеяслоў да ташне́ць (гл.), зыходная форма тошна (гл.), што да *tъščьnъ ’нудны, сумны’, роднаснага *tъsknъ ’тс’, адкуль таскнава́ць ’нудзіцца, сумаваць’ (Нас., Ласт.), гл. таска.
Ташната́ ’моташнасць’ (ЛА, 3), тышныта́ ’нуда, сумаванне’ (Бяльк.), ташно́та ’моташнасць’ (полац., навагр., чэрык., хоцім., рэч., ЛА, 3), ташно́ты ’тс’ (круп., добр., стол., ЛА, 3), тошно́та ’тс’ (Арх. Вяр.). Гл. тошна.
*Ташне́ць, тошне́ць ’ныць, млець’: тошняць мое ногі (ТС), сюды ж ташні́ць ’нудзіць, гідзіць’ (ЛА, 3), тошны́ты ’тс’ (Арх. Вяр.), тошніт ’цягне на ваніты’ (Вруб.), н.-луж. tešniś ’трывожыць, маркоціць’, у аснове якіх прасл. *tъšьnъ‑jь (гл. тошна), адносна пераходу sk > š гл. Шустар-Шэўц, 1572, параўн. таскніць, таска, гл. Шырокае распаўсюджанне формы ташні́ць і пад., якая на ўсёй тэрыторыі Беларусі сустракаецца побач з ну́дзіць, гі́дзіць, сведчыць аб уплыве рускай мовы, параўн. рус. тошни́ть ’цягнуць на ваніты’.
Ташну́ — пабочнае слова ’гэта ж трэба, такое дзіва’. З *то‑ж‑ну, гл. та (то), ж(а), ну.
Ташча́к ’схуднелая жывёла (з упалымі бакамі)’ (ашм., ЛА, 1): у ташчак ’нашча’ (брасл., Сл. ПЗБ). Суфіксальны назоўнік ад тошчы, гл.
Ташча́лый ’знясілены, худы’ (даўг., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка мяркуюць пра ўплыў літ. tùščias ’пусты’, хутчэй “элавы” дзеепрыметнік ад *ташча́ць ’худнець’ па тыпу стая́лы ’застоены’ (РБС). Гл. тошчы.
Ташча́нка ’чыстая гарэлка без дамешкаў’ (Ласт.). Да тошчы ’пусты’, гл.
Ташчы́ма ’без паклажы’ (паст., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчы́мны ’нішчымны, посны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ташчы́мніца ’нішчымніца’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе, утворанае з суф. ‑ма ад тошчы ’пусты’ (гл.) па тыпу куды́ма, туды́ма (адносна такіх утварэнняў гл. Карскі 2-3, 67), магчыма, пад уплывам тэрытарыяльна блізкіх і роднасных літ. tuščióm, tuščiomìs ’паражняком, з пустымі рукамі, ні з чым’, tuštỹmė ’пустое месца’. Параўн. нішчымны (гл.), для якога ў якасці этымона побач з прапанаваным спалучэннем ні з чым можна дапусціць ні́шчы ’бедны’ (гл. нішчаць).
Ташчы́ца ’дапушчаная памылка пры ўвядзенні асновы ў бёрда’ (глыб., мядз., Сл. ПЗБ), ташчані́ца ’пустая пятля ў ніце’ (віл., Жд. 1), ’дапушчаная памылка пры ўвядзенні асновы ў бёрда’ (віл., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчу́ха ’памылковае ўцягванне асновы ў ніт (у кроснах)’ (Варл.), ’брак пры тканні палатна, калі разрываецца нітка ў аснове’ (Сцяшк. Сл.). Да тошчы ’пусты’ (гл.), параўн. мінуха ’памылка пры накідванні асновы ў бёрда’, гл. Гл. таксама шчуха.