Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тапа́з ’від каштоўных камянёў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз польск. topaz ’тс’ або рус. топа́з (з польскай, гл. Віткоўскі, Słownik, 186) з франц. topaze і с.-лац. topazus, што, у сваю чаргу, з грэч. τόπαξος (с.-грэч. τοπάξιον), якое паходзіць ад назвы вострава Topazus у Чырвоным моры, дзе, магчыма, упершыню знойдзены гэты камень (Фасмер, 4, 77–78; ЕСУМ, 5, 598; Голуб-Ліер, 484).

Тапарашчы́ць ’вырачаць’, тапара́шчыцца ’выпучваць вочы’, ’тырчаць’, ’упірацца’ (віл., Стан.). Магчыма, кантамінацыя тапоршчыць (гл.) і тарашчыць, гл.

Тапаркі́ ’расліна, якая расце ў жыце і мае сінія кветкі ў выглядзе сякеркі’ (Нас.), ’пустазелле ў жыце’ (Байк. і Некр.), ’рагулькі’ (Кіс.). Названа па знешняму выгляду кветак, параўн. укр. топірчики ’браткі’, рус. топо́рник ’вязель’, да тапор, гл.

Тапарня́к ’танкастволы лес, які высякалі сякерай’ (астрав., баран., Сл. ПЗБ). Гл. тапорнік.

Тапаро́вы ’стараста арцелі лесарубаў’ (беласт., Ніва, 1973, 11 лістап.). Утворана ад тапор (гл.) па мадэлі, характэрнай для польск. szeregowy ’радавы’ і пад.

Тапары́ска ’тапарышча’ (Шатал., Сл. ПЗБ), тапары́ско ’тс’ (Скарбы, Сцяшк., Шатал., Сл. ПЗБ), топоры́ско ’тс’ (Шатал., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ), toporýšče/toporýsko ’тс’ (Арх. Вяр.). Гл. наступнае слова.

Тапары́шча ’дзяржанне сякеры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Стан.), тапары́шчо, тапары́шчэ ’тс’ (Сл. ПЗБ), топо́рышчэ ’тс’ (Вруб.), топоры́шчэ ’тс’ (ТС, Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. топорище ’тс’, ’адзінка вымярэння даўжыні ў цесляроў’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. топори́ще ’тс’, рус. топори́ще ’тс’, в.-луж., н.-луж. toporišćo ’дзяржанне, ручка (напр., сякеры)’, харв. toporišće ’дзяржанне сякеры’, дыял. toporìšče ’чаранок матыкі’, славен. toporìšče ’тс’, таксама дыял. ’чаранок лапаты’, ’ручка цэпа, цапільна’, балг. топори́шка ’дзяржанне сякеры’, дыял. топори́ште ’дзяржанне вялікага молата, якім збіваюць сукно ў валюшы (сукнавальні)’. На значнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з тапарыска (гл.), якое мае адпаведнік у польск. toporzysko ’дзяржанне сякеры’, чэш. topořisko ’тс’, славац. toporisko ’тс’, што несумненна ўяўляе пазнейшую інавацыю ў славянскіх мовах. Шустар-Шэўц (1518) рэканструюе дзве праславянскія формы *toporiště і *toporisko, вытворныя ад *toporъ (гл. тапор). На беларускай і ўкраінскай тэрыторыі формы тапары́ска і топари́сько ’дзяржанне сякеры’ з’яўляюцца пранікнёнымі з польскай мовы, падтрыманымі экспансіяй суф. ‑isko.

Тапарэ́ц ’харыус’ (гродз., Жукаў). Параўн. польск. toporek ’тс’. Падаецца яшчэ топо́р ’тс’, польск. topór ’тс’, які атрымаў назву з-за таго, што пячонка гэтай рыбы мае форму сякеры, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 156. Гл. таксама Брукнер, 573.

Та́паць ’лапаць’, ’сандаля’ (Яўс.). Гл. тапці.

*Тапа́ч, топа́ч ’той, які тоне’: е дуб топач (ТС). Рэдкае ўтварэнне з суф. ‑ач (прыдае значэнне выніку дзеяння, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 32) ад тапіць1, параўн. топля́к ’патанулая калода’, то́пленікі ’затанулыя ў вадзе лесаматэрыялы’ (ТС).