Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тасава́цца ’падыходзіць, дапасоўвацца’ (брасл., Сл. ПЗБ). Відаць, набліжанае да стасава́цца ’знаходзіцца ў адпаведнасці’ (гл.), успрынятага як прыставачнае ўтварэнне. Сюды ж, магчыма, тасаваць ’раўняць’ (Сцяшк. Сл.).

Тасава́ць1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).

Тасава́ць2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.

Тасава́ць3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.

Тасе́мка ’тасьма’ (Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ), ’вузенькая стужка, паясок’ (Скарбы), ’вузкая каляровая тканіна, з якой даўней выкладалі ўзоры на сярмязе’ (Варл.), ’пояс’ (мёрск., стаўб., саліг., ЛА, 4), ’саматканы пояс без узораў’ (Сцяшк.), та́семка і тасёмка ’тасьма’ (Нас.), тасёмка ’тасьма’; ’завязка з тасьмы’ (ТСБМ, Бяльк.), ’вузкая палоска, якую нашывалі на спадніцы, фартухі’ (Жд. 2). Гл. тасьма.

Таска́ ’туга’ (пух., Сл. ПЗБ), таскава́ць ’тужыць па кімсьці без надзеі ўбачыцца’ (Пятк. 2), тоскова́ць ’тужыць, нудзіцца’ (ТС), таскава́ць ’тужыць, сумаваць’ (Ласт.). Укр. то́ска́ ’туга, сум’, рус. тоска́ ’тс’, стараж.-рус. тъска ’туга, неспакой’, тоска ’тс’, польск. tęsknić ’вельмі хацець убачыць кагосьці, дасягнуць чагосьці’, ст.-польск. tesknąć ’смуткаваць’, чэш. tesknit ’тс’, славац. teskniť ’тс’. Прасл. *tъska ’туга, сум’ адпавядае і.-е. *tus‑/*teus‑ ’апаражняць, спусташаць’; формы з ‑n‑ вытворныя ад *tъsknъ ’сумны, тужлівы’. Індаеўрапейскімі адпаведнікамі лічаць літ. taučiù, taũsti ’тужыць’, tautà ’туга’ (Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 609; Борысь, 632).

Тасќаць ’штурхаць’ (жлоб., акц., ЛА, 2), таска́цца ’штурхацца’ (рэч., ЛА, 2), таскану́ць ’штурхануць’ (рэч., ЛА, 2), сюды ж, відаць, таскатня́ ’перацягванне з аднаго месца на другое; хаджэнне па розных месцах, куды пасылаюць’ (Нас.). Укр. таска́ти ’цягаць’, дыял. таска́ть ’занадта хутка ехаць; гнаць (пра скаціну’; кідаць (што-небудзь цяжкае)’, рус. таска́ть ’цягаць’, польск. дыял. taskać ’тс’, taszczyć ’тс’ (з усх.-слав., Борысь, 628). Параўноўваючы з чэш. tasit ’сячы; вымаць з похваў’, славац. tasiť ’тс’, Махэк₂ (637) разглядае словы як вытворныя (т. зв. sk‑intensivum) ад кораня tes‑, параўн. чэш. tesat ’часаць’, гл. таксама Голуб-Ліер, 478; Голуб-Копечны, 380), гл. бел. часа́ць, цясля́р. Магчыма, роднасныя да літ. tąsýti ’цягаць’, якое з’яўляецца інтэратывам ад tę̃sti ’цягнуць’, ст.-інд. táskaraḥ ’рабаўнік, злодзей’, з і.-е. *ten‑ ’цягнуць’ (ЕСУМ, 5, 525–526; Чарных, 2, 229; Фасмер, 4, 26). Малаверагодна вывядзенне са страчанага *taska ’мяшок, сумка’, параўн. ст.-в.-ням. tasca, італ. tasca і пад. (Абаеў, Этимология–1966, 244).

Тастаме́нт ’завяшчанне’ (ТСБМ), тэстамэ́нт ’запавет’ (Яруш.), тэста́мэнт ’запавет, завяшчанне’ (Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.), ст.-бел. тастаментъ, тастамэнтъ, тэстамэнтъ, дастаментъ ’завяшчанне’ (1484 г., КГС). Са ст.-польск. testament ’тс’, што з лац. testamentum ’тс’ (Карскі, 1, 180; Булыка, Лекс. запазыч., 77).

Тасува́цца ’соўгацца (між людзей)’ (мазыр., ГЧ). Няясна, магчыма, новае ўтварэнне ад тусоўка, тусавацца (гл.) або да тасаваць1, 2, гл.

Тасцёва ’цешча’ (Скарбы; шальч., Сл. ПЗБ), тасцява́ ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ), тасцява́я ’тс’ (гродз., Сл. ПЗБ). З польск. teściowa ’цешча’ ад teść ’цесць’, гл. це́сць.

Тасьма́ ’вузкая тканая ці плеценая палоска для аздаблення адзення або завязвання’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ’вузкая стужка або тасёмка’ (Сцяшк., ТС), ’пасма’: тасьма́ — палоска на клубку нітак (воран., Сл. ПЗБ), та́сьма ’тасёмка’, тасма́ ’тс’ (Нас.). Укр. та́сьма́ ’тасьма, аблямоўка’, рус. тесьма́ ’тасёмка, стужка’, ст.-рус. тасма ’раменьчык’, польск. taśma ’вузкая стужка, тканы паясок’. З цюркскіх моў, дзе з перс. taśma < манг. taśma (Анікін, 538). У старабеларускай мове фіксуецца з 1511 г. у форме тасьма, тесма, крыніцай запазычання якога лічыцца тур. tasma (Булыка, Запазыч., 318; Чарных, 2, 241; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566–567).

Тась-тась-тась ’падзыванне гусей’ (брэсц., Нар. лекс.), ’падзыванне качак’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. тась‑та́сь ’выгук для падклікання качак’, дыял. та́ся‑та́ся, тасю́‑тасю́ ’тс’, тась ’выгук для адгону качак’, рус. дыял. тась‑тась ’падкліканне качак’, польск. дыял. taś taś ’тс’, taśka ’качка’. Адносяць да гукапераймальных утварэнняў (ЕСУМ, 5, 526). Паводле Горбача (Дитяч., 6) з першаснага дзіцячага та́ся ’качка’ < *птася ’птушка’, гл. птах.