Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тар ’паром’ (Байк. і Некр.), ’паром, транспартны плыт з бярвення’ (Нас.): спрадвеку карысталіся тарам праз Дзьвіну (Полымя, 1998, 1), та́ра ’плыток для пераезду’, торо́к ’невялікі плыт для перапраўкі праз возера, праз ваду ў паводку’ (ТС), ’плыт з 4–5 бярвенняў’ (лельч., Жыв. НС), ’від плыта для сплаўкі лесу: на два доўгія бервяны ўкладваюць упоперак кароткія бярвёны і замацоўваюць іх’ (Маслен.), таро́к ’кладка праз рэчку з бярвенняў’: зьвізалі тарок (Бяльк.), ’звязка плыта’: лесу таркі вяжуць (Мат. Гом.), ’адзін рад змацаваных бярвенняў у плыце’ (кіраў., Нар. сл.). Параўн. укр., рус. то́рок ’невялікі плыт’, старое рус. тара ’тс’ (Нас.). Няясна; семантыка слоў сведчыць на карысць сувязі з тара́к, таро́кі ’матуз, шнур’ (гл.) і адсюль ’звязаныя, злучаныя разам бярвенні’. Суадносяць таксама з тор ’дарога, каляіна, след’ (гл.) са зменай значэння (Фасмер, 4, 84; ЕСУМ, 5, 606); гэта дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tarъ ад прасл. *toriti ’пракладаць, праводзіць дарогу’ (гл. тарыць), што ўрэшце да *terti (гл. церці), гл. Варбат, Морфон., 40 і наст.; параўн. таксама каш. tar ’пратораная дарога’ (SEK, 5, 132–133). Здзіўляе семантычная блізкасць да разглядаемых слоў роднасных ст.-інд. tárati ’перапраўляць, пераадольваць, падганяць’, авест. tar‑ ’пераадольваць’, ст.-перс. vi‑tar‑ ’перапраўляцца’ (Варбат, Этимология–1982, 27).

Та́ра1 ’ўпакоўка тавару’, ’вага ўпакоўкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.). З ням. Tára ’тара; упакоўка; вага ўпаковачнага матэрыялу’, якое з італ. tara ’тара; зніжка, вылік, адлічэнне’ < араб. ṭarḥ ’зніжка, вылік, адлічэнне’ < ṭáraḥa ’ён адсунуў, адклаў’ (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517; Чарных, 2, 228; Голуб-Ліер, 477).

Та́ра2 ’плыток для пераезду’ (ТС). Гл. тар.

Тараба́й ’трактар’ (ТС). Гукапераймальная назва, магчыма, іранічная. Гл. наступнае слова.

Тараба́йка ’балаболка’ (хойн., Шатал.), ’бразготка’, ’лапатуха’ (Ян.), тараба́лка ’балбатуха’ (парыц., Янк. Мат.). Ад тарабаніць1 (гл.), пад уплывам баяць, байка, гл.

Тараба́н1 ’кош, сплецены з дранкі’ (Сл. Брэс.). Магчыма, ад тарабаніць2, гл.

Тараба́н2 ’барабан’ (Байк. і Некр.). Укр. тараба́н ’барабан; бразготка на шыю скаціне, што пасецца без дагляду’, рус. дыял. тараба́н ’барабан’, польск. taraban ’вялікі турэцкі барабан’. З тат. дараба́н ’барабан’ шляхам аглушэння пачатковага зычнага ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтворана бараба́н (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Сюды ж тараба́н ’балбатун’ (Сцяшк. Сл.) як метафара або адваротны дэрыват ад тарабаніць1, гл.

Тараба́н3 ’музычны інструмент з 24 струнамі, які вісеў на грудзях; музыка надзяваў на пальцы адмысловыя кіпці і перабіраў струны’ (Варл.). Гл. тарбан.

Тараба́ніць1 ’моцна стукаць, утвараючы шум, грукат’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’аднастайна грукаць, стукаць’, ’валачы, цягнуць, везці з грукатам’ (Янк. 2), ’балбатаць’ (Шатал.), ’бразгаць; балабоніць’ (Ян.), тараба́ніць языком ’па-пустому, многа і гучна гаварыць’ (Янк. 2), тараба́ніць, тороба́ніць ’тарахцець, барабаніць; балбатаць’ (Мат. Гом.), тыріба́ніць ’тарабаніць, тараторыць, крычаць, шумець’ (Бяльк.), тараба́ніті ’барабаніць’ (Вруб.), тарабані́тэ ’тс’ (драг., Нар. словатв.), тараба́ніць, тарабо́ніць, торобе́ніць ’барабаніць, бразгатаць’ (пра дождж, стук і г. д.)’, ’тараторыць, балбатаць, малоць языком’ (ТС), тараба́нькаць ’тарахцець, стукаць; гаварыць безупынна’ (ТС). Укр. тараба́нити ’грукатаць’, дыял. ’балакаць’, рус. тараба́нить ’грукаць; барабаніць’, польск. дыял. tarabanić ’тс’. Ад тараба́н ’барабан’ (гл. тарабан2), значэнне ’балбатаць’ пераноснае (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Параўн. структурна аналагічнае талаба́ніць ’балбатаць’, гл. талабоніць.

Тараба́ніць2 ’несці цяжкае, вялікае, грузнае’ (ТСБМ, Мілк., Мат. Гом.), ’несці на плячах’ (Яўс.), тараба́ніць (търъба́ніць) ’несці цяжкі груз’ (мёрск., Нар. лекс.), ’цягнуць, валачы’ (Ласт.; петрык., Яшк. Мясц.; мядз., Сл. ПЗБ), ’цягнуць з шумам і грукатам’ (Варл.), тарамба́ніць ’тс’ (Сл. рэг. лекс.). Укр. тараба́нити ’везці або несці нешта важкае і вялікае’, тараба́нитися ’ісці або ехаць далёка; ехаць марудна, з цяжкасцю’, рус. дыял. тараба́нить, тарба́нить ’цягнуць, валачы’, польск. дыял. tarabaniać się ’з цяжкасцю ісці, рухацца; увальвацца, караскацца’, каш. torbańic są ’караскацца; кешкацца, марудзіць’, чэш. tarabit ’з цяжкасцю несці’, tarabotit se ’пра цяжкую язду воза’. Апошнія словы Махае (636) выводзіць з чэш. těpiti ’несці’, těpati ’насіць’, роднасных лат. stiept ’з цяжкасцю несці, валачы’, ’з цяжкасцю або паспешліва бегчы’, ’намагацца, высільвацца’ і літ. stiẽpti, stiẽbti ’цягнуць уверх’, укр. тепо́рити ’з цяжкасцю цягнуць’, ускладненых “інтэнсіўнымі” суфіксамі, што не пераконвае. Спробы вывесці з літ. tarabénti ’цягнуць, валачы’, tarabénti ’несці, валачы’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 95) сустракаюць сур’ёзныя пярэчанні (Лаўчутэ, Балтизмы, 149). Няясна. Дапускаюць афіксальнае ўтварэнне ад укр. дыял. тере́бити ’цягнуць; несці што-небудзь цяжкае’ (гл. церабіць), притере́бити ’даставіць, прынесці’ (ЕСУМ, 5, 517), што не пераконвае; або параўноўваюць з рус. дыял. та́рабіць ’цягнуць’ (Фасмер, 4, 20). Кашубскае слова лічаць экспрэсіўнай трансфармацыяй tarmolëc są ’ўвальвацца (пра няпрошанага госця)’ пад уплывам torba (гл. торба), у пераносным значэнні ’дурань, няздара, недарэка’ (SEK, 5, 156). Больш верагоднае развіццё семантыкі ад тараба́ніць1 ’грукатаць’ да ’цягнуць з грукатам што-небудзь цяжкае’ або ўтварэнне ад тарна́біць ’валачыць, цягнуць, несці з цяжкасцю’ (гл.) з перастаноўкай зычных у сярэдзіне слова і характэрнай для экспрэсіўных слоў сінкопай (пропускам галоснага).

Тараба́рскі ’незразумелы, пазбаўлены сэнсу, бязглузды’, тараба́ршчына ’агульнае незразумелае гаварэнне, гоман’, тараба́рыць ’займацца пустымі размовамі, балбатаць’ (ТСБМ). Параўн. укр. тараба́рщина, тараба́рити ’тс’, рус. тараба́рский ’незразумелы, пазбаўлены сэнсу’, тараба́рщина ’нешта незразумелае’, тараба́рить ’балбатаць, займацца пустымі размовамі’, ст.-рус. тарабарская грамота (XV ст.) ’сістэма тайнапісу’. У аснове ўтварэнняў спалучэнне тары-бары (гл.), зыходным лічыцца рус. тараба́р ’балбатун’ (Фасмер, 4, 20; Новое в рус. этим., 230), вытворнае ад адпаведнага дзеяслова.

Тарабі́чыць (тарабі́чыты) ’цягнуць, несці’ (пін., ЖНС). Параўн. рус. та́рабить ’цягнуць’, чэш. tarabit ’з цяжкасцю несці’, tarabit se ’з цяжкасцю ехаць (пра воз)’. Відаць, да гукапераймальнага *тараб (< *torb‑?), параўн. тарабкаць, гл. Параўноўваюць з тарабаніць (гл. Фасмер, 4, 20), укр. дыял. те́порити ’з цяжкасцю несці, цягнуць’ (Махэк₂, 636), апошняе сумніўна, гл. ЕСУМ, 5, 548. Прапанаваная для чэшскіх слоў рэканструкцыя *torbiti сустракае цяжкасці з фанетычнага боку (Варбат, Этимология–1973, 27), якія знімаюцца, калі прыняць гукапераймальную аснову слоў. Параўн. тарбічыцца, гл.

Тара́бкаць ’барабаніць, тарахцець, звінець’ (ТС), тара́бнуць ’стукнуць, загрымець’: цэпом тарабнуў, отмукае лотку (ТС), тара́бканье ’пустая размова’ (ТС). Вытворнае ад гукапераймання *тараб!, звязанага з тарабаніць, гл.

Тарабосі́ць ’тараторыць, гаварыць абы-што’ (ТС). Звязана з тараба́ніць1 (гл.), утварэнне з экспрэсіўным суф. ‑ос‑, параўн. славен. trbosati ’стукаць дзвярыма’; першапачаткова, магчыма, у назоўніку *тарабос, як у фігос, п’янтос, гл.