Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Таба́ка1 ’тытунь’, (ТСБМ, Пятк. 2, Бяльк., Растарг., Федар. 4, Юрч., Шат.), ’цёрты тытунь для нюхання’ (Нас., Ласт.), ’расліны Nicotiana tabacum L., Nicotiana rustica L.’ (Касп., Кіс.), ’травяністая дэкаратыўная расліна сямейства паслёнавых з пахучымі кветкамі’ (ТСБМ), таба́к ’тытунь’ (Кіс., Сцяшк.), сюды ж дэмінутыў тобочо́к ’стрэлкі, Capsella bursa pastoris L.’ (Бейл.), а таксама далейшыя дэрываты таба́чыць ’курыць’ (Нар. Гом.), табачко́вы ’колеру тытуню’ (Нас., Сцяц. Сл.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), семантычна непразрыстае таба́чны сук ’першы ад зямлі сухі сук на лісцевых дрэвах’ (Нар. лекс.) і перан. таба́ка ’колкі папрок’: дав я ему табакі, аж нос завернув (Нас.). Укр. таба́к, таба́ка ’табака’, рус. таба́к ’табака, тытунь’, табачные сучья ’ніжнія сукі, якія, гніючы, псуюць дрэва’ (Даль), польск. tabaka ’табака’, tabak ’лісты тытуню’, н.-луж. tubak ’тытунь’, в.-луж. tobak ’тс’, чэш. tabák ’тс’, славац. tabak ’тс’, славен. tobak ’тс’, серб.-харв. дыял. та̀бāк ’тс’ (звычайна ду̀вāн). Слова распаўсюдзілася ў Еўропе з пачатку XVII ст., у старабеларускай мове табака (табакъ) ’махорка’ зафіксавана ў 1638 г. як запазычанне са ст.-польск. tabaka (1621 г.). Першакрыніцай заходнееўрапейскіх слоў, адкуль адбылося паўторнае запазычанне ў беларускую, менавіта ням. Tabak ’тытунь’, франц. tabac ’тс’, нідэрл. tabák ’тс’ — з’яўляецца ісп. tabaco ’тытунь’. Усходнім славянам слова стала вядома раней, чым адпаведныя расліны з’явіліся на іх землях, — ад падарожнікаў, наёмных салдат-замежнікаў і інш. (Чарных, 2, 223; Булыка, Лекс. запазыч., 151; ЕСУМ, 5, 498).

Таба́ка2 ’спарыння’ (Сцяшк.), ’галаўня’ (Сл. ПЗБ), ’захворванне пшаніцы, пры якім зерне ператвараецца ў чорны парашок’ (Скарбы), ’сажа ў просе’ (Лекс. Бел. Палесся), табака́ ’галаўня ў просе, ячмені, пшаніцы’ (зах.-бел., ЛА, 2). Укр. таба́ка кукуру́зяна ’сажка кукурузы, Ustilago maydis’. Перанос назвы (гл. папярэдняе слова) на паразітныя грыбы з-за знешняга падабенства (чорны пылок на коласе), гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76; ЕСУМ, 5, 498.

Табаке́рка ’скрыначка для табакі’ (ТСБМ, Шн. 2, Касп.; ашм., Стан.; Бяльк., Федар. 4), тобаке́рка, тобакі́рка, тобаке́рочка ’зробленая з кары каробачка для тытуню, для захавання дробных рэчаў накшталт іголак, нітак і інш.’ (палес., З нар. сл.; ТС). Укр. табаке́рка ’табакерка’, рус. табаке́рка, польск. tabakiera, tabakierka, серб.-харв., балг. табаке́ра, макед. табаке́ра, табаке́рка ’тс’. Праз польскую мову з франц. tabaquière ’табакерка’ (форма, вядомая з XVII ст.) < tabac ’тытунь’ (Фасмер, 4, 5; Чарных, 2, 223; ЕСУМ, 5, 498). Параўн. табацірка (гл.).

Табаку́р ’курэц’ (ТСБМ, Гарэц.). У выніку гаплалогіі з *табакакур (гл. табака, курыць).

Табала́1 ’натоўп, гурт’ (Ласт., Кал.; дзярж., Нар. сл.), ’воўчая гайня; руя (многа) дзяцей’ (віл., ЛА, 5), ’вялікая зграя’ (віл., Сл. ПЗБ), з семантычным працягам ’набор жартаўлівых песень’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. аналагічныя ўкр. та́бала і табала́ ’натоўп, гурт, зграя’, якія, паводле ЕСУМ (5, 499), запазычаны з рум. tábără ’маса, натоўп’, апошняе ў сваю чаргу — да табар1, гл. Аднак паўночна-заходні арэал распаўcюджанасці беларускіх найменняў не дазваляе прама звязваць іх з украінскімі, а хутчэй прыводзіць да думкі аб тыпалагічнай тоеснасці фанетычнай субстытуцыі санорных ў запазычанай лексемы, гл. табар2. Больш імаверна, згодна з Лабко (БЛ, 14, 67–68), звязаць іх з літ. tabala ’цурбанны вечар, куцця’, што да tabala ’калодка, якую цягалі хлопцы і дзеўкі на Каляды’, tabalaĩ ’народны музычны інструмент у выглядзе падвешаных дошчачак, якія выдаюць гукі рознай вышыні’ (параўн. Экерт, Зб. Бернштэйну, 33–35; Велюс, Балто-слав. иссл., 337; Грэймас, Этн., 281), адсюль значэнне ’натоўп, гурт’ адносна ўдзельнікаў шматлікай і шумнай святочнай працэсіі. Падобны звычай пад назвай “валачыць калодку” на масленіцу (Касп., Дабр., Растарг., і інш., падрабязна гл. Антропаў, Зб. памяці Талстога, 21–33) вядомы таксама ва Украіне, Славеніі і ў цэнтральнай Еўропе, параўн., напрыклад, градзішч.-харв. rast vleć ’валачыць дуба’, bor vleći ’цягнуць сасну’, korito vloć ’цягнуць карыта’, што, магчыма, звязана са старой еўрапейскай каляднай традыцыяй, якая ўзыходзіць да рымскіх часоў, параўн. Агапкіна, Основы, 203–244; Плотнікава, Слав. языкозн., XIV, 415. Таму нельга выключыць сувязь з лац. tabula ’дошка’, на падабенства якога з літоўскімі словамі звярнуў увагу Шмітляйн, Revue International d’Onomastique (Paris), 24, 208.

Табала́2 ’пустамеля’ (віл., Жд. 2), ’недарэка, звягала, што лаецца і крычыць’ (Варл.). Рус. дыял. табалу́ бить ’бадзяцца без справы, гарэзіць’ і вытворныя табалы́га ’бадзяга, гультай’, табалы́жить, табалы́жничать ’бадзяцца без справы; гультаяваць’ (Даль; без тэрытарыяльных памет). Фасмер (4, 5–6) параўноўвае з літ. tabalóti, ‑oju ’кульгаць; блытаць’, tabalùs mùšti ’куляцца’, але яны, на думку Брукнера, запазычаны са славянскіх моў (там жа; але без адпаведных славянскіх лексем), супраць чаго па фанетычных паказчыках Фрэнкель (1048), які да літ. tabalús mušti, tabaluoti дадае яшчэ старое літ. tabalka. Аднак ён не выключае магчымасці калькавання дзеяслова з рус. табалу́ бить у літ. tabalús mušti, што падаецца даволі сумніўным. Улічваючы фіксацыю, ёсць падставы выводзіць беларускае слова непасрэдна з літ. tabalas ’тое, што боўтаецца’, ’бірулька’ з цалкам натуральным семантычным пераасэнсаваннем літ. tabalúoti ’матляць’ — ’балбатаць’, да семантыкі параўн. целяпаццацеляпень, гл. Лабко, БЛ, 14, 67 і папярэдняе слова.

Табалы́ска (табалы́ско) ’агароджанае стойла для жывёлы ў лесе або на полі’ (навагр., Сцяшк.). Да зафіксаванага там жа табо́р ’тс’ з менай санорных р → л, што цалкам у межах фанетычнага вар’іравання пры запазычанні, параўн. табала́1. Аналагічнае развіццё ва ўкр. та́борисько ’табар, месца табару, бівак’ < та́бір.

Та́бар1 ’стан або абоз цыганоў’, ’умацаваны лагер з абозам’, ’часовая стаянка; бівак’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), та́бор ’тс’ (Вруб.), сюды ж вытворныя та́барышча ’месца стаянкі цыганоў; выган, паша’ (Бяльк.), ’скопішча, стан’ (Нас.), та́бірышча ’месца жыхарства’ (барыс., Сл. ПЗБ), табо́ры мн. л. ’лагер’ (вільн., Сл. ПЗБ), та́барыцца ’сяліцца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. та́бір, та́бур, рус. та́бор, польск. tabor, чэш., славац. tábor, славен. tábor, серб.-харв. та̑бор, балг. та́бор ’тс’, макед. табор. Ст.-бел. таборъ ’абоз, табар’ запазычана ў канцы XVI ст. са ст.-польск. tabor, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем XV ст. са ст.-чэш. tábor. Першапачаткова азначала гусіцкі лагер і паходзіла ад аднайменнай назвы зададзенага гусітамі горада Tábor, якая ад наймення біблейскай гары Thabor (Фавор у Назарэце), гл. Трубачоў, Дополн. (4, 7, з літ-рай.), Голуб-Ліер, 475; Рэйзак, 648. Мажліва, таксама з крым.-тат. tabur ’вайсковы абоз’ (Фасмер, 4, 6–7; ЕСУМ, 5, 499; Булыка, Лекс. запаз., 122), дзе з польск. tabor або венг. tábor (Брукнер, 563). Вывядзенне з тур. tabur ’полк, батальён, пастроены ў выглядзе квадрата’, першапачатковая семантыка ’месца, прастора, якую атаварыў полк’ (Сной₁, 651), абвяргаецца цюрколагамі, гл. Немет, Acta Ling. Hung., 3, 431–436; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 387. Параўн. атабарыцца, гл.

Та́бар2 ’гайня ваўкоў’ (чашн., круп., ЛА, 1), ’гайня, зграя ваўкоў і сабак’ (Жыв. св.). Метанімічны перанос з та́бар1 са значэннямі ’група; скопішча’.

Табато́ж (табато́ш) ’так, але, ага; сапраўды’ (Скарбы). У выніку ўнівербацыі спалучэння *то бо то же, параўн. з іншым парадкам тож ба то ’ў тым та і справа, вось так’ (ашм., Стан.), tož‑by‑to ’тс’ (Варл.) або з усечанай формы спалучэння то‑бо‑то‑што ’тс’ (Некр. і Байк.). Параўн. то‑бо‑то, тож бо то, тобта, то, тож, гл.

Табацёр ’пасудзіна, у якой расціралі табаку для нюхання’, ’чалавек, што расціраў табаку’ (Нік. Очерки). У выніку гаплалогіі з табака і церці (гл.), магчыма, пад уплывам наступнага слова (гл.), народнаэтымалагічна збліжана з макацёр, гл.

*Табаці́рка, тобаці́рка, тубаці́рка ’зробленая з кары каробачка для тытуню, для захавання дробных рэчаў накшталт іголак, нітак і інш.’ (драг., бяроз., З нар. сл.). Укр. табате́рка, табати́рка ’табакерка’, чэш. tabatěrka, славац. tabatierka ’тс’. Праз украінскую мову з франц. tabatière ’табакерка’, параўн. табаке́рка, гл.

Таба́чны сук ’першы ад зямлі сук на лісцевых дрэвах’ (навагр., Нар. лекс.). Параўн. рус. таба́чные су́чья ’ніжнія сукі, якія, гніючы, псуюць дрэва’ (Даль). Відаць, да табака (гл.), аднак матывацыя не зусім празрыстая.