Таба́ка 1 ’тытунь’, (ТСБМ, Пятк. 2, Бяльк., Растарг., Федар. 4, Юрч., Шат.), ’цёрты тытунь для нюхання’ (Нас., Ласт.), ’расліны Nicotiana tabacum L., Nicotiana rustica L.’ (Касп., Кіс.), ’травяністая дэкаратыўная расліна сямейства паслёнавых з пахучымі кветкамі’ (ТСБМ), таба́к ’тытунь’ (Кіс., Сцяшк.), сюды ж дэмінутыў тобочо́к ’стрэлкі, Capsella bursa pastoris L.’ (Бейл.), а таксама далейшыя дэрываты таба́чыць ’курыць’ (Нар. Гом.), табачко́вы ’колеру тытуню’ (Нас., Сцяц. Сл.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), семантычна непразрыстае таба́чны сук ’першы ад зямлі сухі сук на лісцевых дрэвах’ (Нар. лекс.) і перан. таба́ка ’колкі папрок’: дав я ему табакі, аж нос завернув (Нас.). Укр. таба́к, таба́ка ’табака’, рус. таба́к ’табака, тытунь’, табачные сучья ’ніжнія сукі, якія, гніючы, псуюць дрэва’ (Даль), польск. tabaka ’табака’, tabak ’лісты тытуню’, н.-луж. tubak ’тытунь’, в.-луж. tobak ’тс’, чэш. tabák ’тс’, славац. tabak ’тс’, славен. tobak ’тс’, серб.-харв. дыял. та̀бāк ’тс’ (звычайна ду̀вāн). Слова распаўсюдзілася ў Еўропе з пачатку XVII ст., у старабеларускай мове табака (табакъ) ’махорка’ зафіксавана ў 1638 г. як запазычанне са ст.-польск. tabaka (1621 г.). Першакрыніцай заходнееўрапейскіх слоў, адкуль адбылося паўторнае запазычанне ў беларускую, менавіта ням. Tabak ’тытунь’, франц. tabac ’тс’, нідэрл. tabák ’тс’ — з’яўляецца ісп. tabaco ’тытунь’. Усходнім славянам слова стала вядома раней, чым адпаведныя расліны з’явіліся на іх землях, — ад падарожнікаў, наёмных салдат-замежнікаў і інш. (Чарных, 2, 223; Булыка, Лекс. запазыч., 151; ЕСУМ, 5, 498).
Таба́ка 2 ’спарыння’ (Сцяшк.), ’галаўня’ (Сл. ПЗБ), ’захворванне пшаніцы, пры якім зерне ператвараецца ў чорны парашок’ (Скарбы), ’сажа ў просе’ (Лекс. Бел. Палесся), табака́ ’галаўня ў просе, ячмені, пшаніцы’ (зах.-бел., ЛА, 2). Укр. таба́ка кукуру́зяна ’сажка кукурузы, Ustilago maydis’. Перанос назвы (гл. папярэдняе слова) на паразітныя грыбы з-за знешняга падабенства (чорны пылок на коласе), гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76; ЕСУМ, 5, 498.