Куры́ць1 ’пыліць, дыміць; удыхаць і выдыхаць дым якога-небудзь рэчыва, пераважна тытуню’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Сержп., Пр., Янк. Мат., Шатал.). Укр. курити, рус. курить ’тс’, ст.-слав. коурити сѧ ’дыміць’, балг. курна ’запаліць’, серб.-харв. ку́рити ’паліць агонь у печы, тытунь’, славен. kúriti ’раскладваць агонь, дыміць, курыць’, польск. kurzyć się ’дыміць, гарэць; пыліць’, чэш. kouřiti ’дыміць, параваць, пыліць’, славац. kúriť ’паліць печ’, kúriť sa ’дыміць’, в.-луж. kurieć н.-луж. kuriś ’тс’. Прасл. kuriti мае паралелі ў балтыйскіх мовах: літ. kùrti ’раскладваць агонь, паліць’, лат. kur̃t ’тс’. Паралелі ў германскіх мовах (гоц. haúri ’вугаль’, ст.-ісл. hyrr ’агонь’) канчаткова пацвярджаюць першаснасць значэння ’паліць агонь’ (Бернекер, 651–652; Траўтман, 145; Фрэнкель, 319).

Куры́ць2 ’ехаць або бегчы хутка’ (Нас., ТС, Ян.). Запазычанне з літ. kùrtí ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)