Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тан ’танцы, скокі’ (Сцяшк.), ’танец’ (Ласт.). З польск. tan ’танец’, другаснага ўтварэння ад ст.-польск. taniec (гл. та́нец), паводле народнай этымалогіі ўспрынятага як суфіксальнае ўтварэнне з суф. ‑ec (Брукнер, 565; Длугаш-Курчабова, 495). Параўн. танок, гл.

Танана́ ’гурт, натоўп, чарада’ (Растарг.). Цёмнае слова. Магчыма, гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. укр. танана́ ’выгук здзіўлення’, рус. дыял. тана́кать, тананы́кать ’прыпяваць’, польск. tana ’прыпеў у песні’, балг. танани́кам, макед. танани́ка ’прыпяваць, спяваць сабе пад нос’, параўн. талалой ’шум, гам’ і талалойства ’зборышча, натоўп’, гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 513.

Тана́ць ’тануць’ (кіраў., Нар. сл.; карэліц., Нар. словатв.). Абстрагаванае ад шматкратнага патана́ць ’тс’ (ТСБМ). Гл. тануць.

Та́нбурка ’кручок’ (Сл. ПЗБ), та́нбарка ’кручок для вязання’ (Бяльк.). Гл. тамбур2.

Та́нга1 ’парны бальны танец’ (ТСБМ). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, дзе з аргентынскага ісп. tango ’тс’, магчыма, гукапераймальнага паходжання (Сной₂, 750).

Та́нґа2 ’танк’ (Сл. ПЗБ), та́нґа, та́нка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Гл. танк. Фанетычныя і марфалагічныя змены (ж. р.), відаць, з-за нехарактэрнай для беларускай народнай мовы фіналі ‑нк.

Тандэ́м ’размяшчэнне адно за другім’, ’двухмесны веласіпед’ (ТСБМ). Праз польск. tandem ’двухколавы вазок, запрэжаны цугам, адзін за адным, коньмі’, ’веласіпед з двума сядзеннямі’, з англ. tandem ’размяшчэнне гужам, адно за адным; веласіпед для дзвюх асоб, якія сядзяць адна за адной’ < лац. tandem < *tamdem ’урэшце, урэшце рэшт’, што трансфармавалася ў значэнне ’ў даўжыню’, ’у працяг’, г. зн. ’адзін за адным’ (Сной₂, 750).

Тандэ́т ’дрэнная танная рэч; нізкаякасны выраб’ (ТСБМ, Варл.), ’дзяшоўка; таўкучка’ (Байк. і Некр.), ’месца гандлю старымі, ужыванымі рэчамі’ (Жд. 3), ’таўкучка, дзе ўсё можна купіць танна’ (Нас.), на тандэ́т ’абы-як’ (Сл. ПЗБ), на тандэ́та ’на скорую руку, абы-як’ (ТС), тандэ́тны ’танны, лубочны’ (Байк. і Некр.), ’танны, нетрывалы, зроблены не на заказ’ (Касп., Стан.), ’нястала, похапкам зроблены, танны’ (Нас.), ст.-бел. танде́та ’базар, таўкучка’ (XVI ст., КГС). Праз польск. tandet, tandeta ’няякасны тавар, рыззё, халтура; барахолка’ або непасрэдна з мовы ідыш — з tandet ’тс’, tandetne(r) ’халтурны’ (Шульман, Полымя, 1926, 8, 213), параўн. nejen af tandet ’хутка і кепска (шыць)’ (Астравух, Ідыш-бел. сл. 789), што звязана з ням. Tändelmarkt ’таўкучка’, якое ад Tand ’дробязь, драбяза’; фіналь ‑eta на польскай глебе па аналогіі з wendeta ’таўкучка’ (Брукнер, 565). Не выключана паходжанне тэрміна з раманскіх моў, параўн. ісп. tanto ’пакупная цана; грошы для гульні’, што ўзыходзіць да лац. tantym ’столькі, такая колькасць’, гл. Фасмер, 4, 18; ЕСУМ, 5, 514.

Тане́й ’танней’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ; Нас.), тане́йшы ’таннейшы, больш танны’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Гл. танны.

Та́нец ’рытмічныя рухі пад музыку, скокі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), та́нэць ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ, Вруб.), под той танец ’у той час’ (Ян.), ст.-бел. танець ’скокі’ (Альтбаўэр; 1518 г., КГС). Праз польск. taniec (да XVI ст. tańc) або непасрэдна з ням. Tanz ’танец’, tanzen ’танчыць’ < ст.-франц. dancier ’тс’ (> франц. danser ’тс’) < франк. *dansôn ’цягнуць; выцягвацца; станавіцца ў лінію’. Другаснае ўключэнне запазычання ў групу назоўнікаў, утвораных з суф. ‑ьcь, магло адбыцца ў славянскіх мовах незалежна (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 390). Гл. Борысь, 626; Фасмер, 4, 18–19.

Та́нець ’дзешавець’ (Нас.), тане́ць ’тс’ (Некр. і Байк.), танне́ць ’тс’ (ТСБМ), таніе́ті ’тс’ (Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), та́ннець ’тс’ (Ласт.). Гл. танны; перанос націску, магчыма, пад уплывам дзешаве́ць (гл. дзёшава). Параўн. та́ніць, гл.