Та́мбур 1 ’прыбудова, частка памяшкання перад галоўным уваходам, прысенак’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), та́мбор ’ганак’ (Лекс. Бел. Палесся). Праз рус. та́мбур ’тс’ або польск. tambor ’тс’ з французскай мовы, дзе архітэктурны тэрмін tambour з’явіўся ў выніку метанімічнага пераносу значэння слова tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 512; Фасмер, 4, 17–18), гл. тамбу́р.
Та́мбур 2 ’род вязання або вышывання вочка ў вочка’ (ТСБМ), ’кручок для вязання або пляцення’ (Касп.; мсцісл., бых., ЛА, 4; Бяльк.), тамбу́р ’кручок для пляцення карункаў’ (Стан.), тамбу́рка ’тс’ (Касп., Бяльк.), та́мбурка, та́мбарка, та́нбурка ’кручок для вязання’ (Шатал., Мат. Гом., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), та́мбурак ’тс’ (в.-дзв., паст., рас., ЛА, 4), тамбу́рак (Шатал., ЛА, 4), та́мбырка, та́нбырка ’прылада для вязання’ (Мат. Маг.), сюды ж та́мбурны ’ланцужковы (шоў)’ (Мат. Гом.). Праз польск. tambor, tamborek, tamburek ’пяльцы’ з франц. tambour ’тс’, якое сталася вынікам метанімічнага пераносу паводле падабенства з tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 5, 512; Фасмер, 4, 17–18). Гл. тамбу́р.
Та́мбур 3 ’падстаўка для вядра каля калодзежа’ (Сл. Брэс.). Перанос значэння з тамбу́р 1 (гл.) паводле знешняга падабенства.
Тамбу́р ’барабан’ (ТСБМ), сюды ж та́мбор ’вялікі і малы барабаны ў ваўначосцы’ (ТС). З франц. tambour ’барабаншчык’, роднаснага да нар.-лац. t̥anbū́r ’лютня, мандаліна’ (ЕСУМ, 5, 511–512; Голуб-Ліер, 477; Фасмер, 4, 17–18). Стахоўскі (Этимология–1965, 209) звязвае з с.-тур. tambur ’пяціструнны музычны інструмент’, што суадносіцца з араб. tunbūr ’тс’. Магчыма пасрэдніцтва ўкраінскай мовы, дзе тамбу́р ’ударны ўсходні інструмент, старажытны музычны струнны інструмент’; тэхнічны тэрмін, відаць, з польск. tambor ’барабан’ (у тым ліку ў тэхнічным значэнні).