Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тага́н1 ’падстаўка на ножках пад кацёл, чыгунок, вядро і пад. пры гатаванні ежы на агні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ’трыножак, на які вешаюць калыску з дзіцем у час жніва’ (леп., ЛА, 3; Ян.), таганы́ ’тс’ (ТСБМ, Касп.; докш., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ушац., леп., ЛА, 3), ’трыножнік для падвешвання ў полі люлькі, катла’ (ТС), тагано́к ’невялікі металічны кацялок з дзяржаннем для варкі ежы ў полі’ (Растарг.). Укр. тага́н ’трыножнік для катла’, тагани́ ’прыстасаванне для падвешвання калыскі ў час працы на полі’, рус. тага́н ’падстаўка для катла, трыножнік’, серб.-харв. тѝга̄њ ’патэльня’, балг. тига́н ’тс’, ст.-слав. таганъ, тиганъ ’тс’. З цюркскіх моў, дзе тат. qazan taɣany ’козлы для падвешвання катла’, крым.-тат. tyɣan ’жароўня’, якія далей звязваюць з грэч. τηγανον ’патэльня’, новагрэч. τηγάνι(ον) ’тс’ (Фасмер, 4, 9; ЕСУМ, 5, 502; Анікін, 521).

Тага́н2 ’катаванне, строгі допыт’: возьми его на таганъ, дакъ и прызнаецца (Нас.). Рус. смал. натага́н ’у розныя бакі, урасцяжку’, ’на расправу’ (Дабр.). Відаць, да папярэдняга слова (гл. таган1), якое мела і спецыфічнае значэнне ’прылада для катавання’, захавалася толькі ў спалучэннях з прыназоўнікам (прыстаўкай) на: на тага́н, натага́н ’паддаць расправе, катаванню’.

Тага́ніць ’цягаць’(Нас.), тъга́ніць ’несці, валачы’ (мёрск., Нар. лекс.). Да тага́н (гл.) з мяркуемым значэннем ’расцяжка’. Параўн. натаганіць (гл.).

Тага- (таго‑) — ненаціскны элемент складаных слоў тагабо́чны ’які жыве на тым баку’, тагаго́дні ’мінулагодні’, тагаро́чны ’тс’ (Нас.), тагасве́тны ’незямны, пасмяротны’, тагача́сны ’які існаваў у мінулым’ (ТСБМ), тагоча́сны ’тадышні’ (Ласт., Бяльк.). Да той (гл.), на базе спалучэнняў з таго боку, з таго свету, з таго року і пад., параўн. таго‑часу ’зараз жа’ (Нас.). Гл. таго.

Тагды́ ’тады; часам, калі-нікалі’ (ТСБМ), ’тады; потым’ (Сцяц., Ян.), ’тады’ (Сержп. Прымхі; віл., Жд. 3), ’у той час, перыяд’ (Сл. ПЗБ), тогды́ ’тс’ (ТС, ПСл), ’у той час, пасля таго’ (пруж., беласт., Сл. ПЗБ), тогды́‑сёгды́ ’час ад часу’ (ТС), тагды́‑сягды́ ’калі-нікалі’ (в.-дзв., Шатал.), сюды ж фанетычныя варыянты тагдэ́ ’пасля таго, потым’ (Сл. ПЗБ), тогдэ́ ’ў той час, пасля таго’ (кам., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), тоўды́ ’тс’ (ПСл), товді ’тс’ (Сл. Брэс.), а таксама тагды́шні ’тадышні’ (Нас.); ст.-бел. тогды, тагды ’тады’ (Альтбаўэр, КГС). Укр. тогді́, дыял. товді́, тоўді́, рус. тогда́, дыял. тогды́, товды́, то́жды, стараж.-рус. тогда, тъгда, тъгды, тогды, толды, ст.-польск. tegdy, в.-луж. tehdy, н.-луж. tegdy, чэш., славац. tehda, tehdy, балг. тога́(ва), макед. тога, тогай, тогаш, ст.-слав. тогда, тъгда, тогъда, тьгда, тодга ’тады, у той час’. Прасл. варыянты *togdy/*tъgdy ’тады’ з указальнага займенніка *to (Шустар-Шэўц, 1502 да *to‑ дадае яшчэ *te‑ і tъ‑ з дыялектнай дыферэнцыяцыяй у славянскіх мовах яшчэ з праславянскіх часоў) і фарманта ‑gdy (ESSJ SG, 2, 667–671) або *gъdy (Борысь, 630). Паводле Карскага (2–3, 417), тут выступае форма Тв. скл., як і ў ст.-бел. всегды ’заўсёды’, иногды ’часам’ і пад. Першая частка звычайна супастаўляецца з літ. tadà, tad ’тады’, усх.-літ. tadù, ст.-інд. tadā́, вед. tadānīm, tadāmm, авест. taẟa (Фасмер, 4, 68–69; ЕСУМ, 5, 590). Адносна другой часткі *‑gdy на падставе лат. tagad (< *tagadi) ’цяпер’, укр. тогід ’у мінулым годзе’ мяркуецца, што гэта склонавая форма ад прасл. *godъ, менавіта Р. скл. адз. л. *goda (Мюленбах-Эндзелін, 4, 122–123; другасны ўплыў іменных склонавых флексій у адносінах да фіналі прасл. *kǫdy дапускае ЭССЯ, 12, 53; гл. таксама Карскі, 1, 103), але невытлумачальным, на думку Фасмера (там жа), застаецца перасоўванне націску на канчатак. Верагоднасць іншых версій (кантамінацыі *toga/*tъga + *toda/*tъda ці існаванне зыходнага *to‑kъda) цяжка давесці. Гл. тады́.

Таго́1 — Р. і В. скл. займенніка той (гл.), ст.-бел. того (XVI ст., Статут 1529). Параўн. укр. того́, рус. того́, стараж.-рус. того, чэш. toho, славац. toho, серб.-харв. tȍg(a), старое балг. того́зи, ст.-слав. того. Прасл. *togo ад указальнага *tъ з няяснай па паходжанні фіналлю ‑go, партыкулай, якая праціпастаўлялася часціцы *so, параўн. ст.-слав. чьсо ’што’, першапачаткова прадстаўленай у і.-е. *tó‑so або *to‑si̯o ’гэтага’, параўн. ст.-інд. tásya ’тс’ і пад. Жэлезнікер (WsJb, 10, 69 і наст.) ідэнтыфікуе ‑g‑ з элементам, прадстаўленым у прасл. *‑gda, *‑gdy (гл. тагды); аналагічна Фасмер (4, 69), які следам за Шмітам (KZ, 23, 292) бачыць у ім канцавы элемент прасл. *inogъ, *četvьrgъ (гл. чацвер).

Таго́2 ’таму’ (Юрч. СНС). Укр. того́ ’тс’, рус. того́, оттого́ ’тс’. Форма Р. або В. скл. займенніка той — вынік адвербіялізацыі (ЕСУМ, 5, 590; Фасмер, 4, 69). Параўн. адвербіялізаваную форму Д. скл. гэтага ж займенніка таму́, гл.

Таго́ны ’той’ (Сцяшк. Сл.). Адзайменнікавы прыметнік ад той ’ён’ (гл.), утвораны па тыпу ягоны, гл.