Таго́ 1 — Р. і В. скл. займенніка той (гл.), ст.-бел. того (XVI ст., Статут 1529). Параўн. укр. того́, рус. того́, стараж.-рус. того, чэш. toho, славац. toho, серб.-харв. tȍg(a), старое балг. того́зи, ст.-слав. того. Прасл. *togo ад указальнага *tъ з няяснай па паходжанні фіналлю ‑go, партыкулай, якая праціпастаўлялася часціцы *so, параўн. ст.-слав. чьсо ’што’, першапачаткова прадстаўленай у і.-е. *tó‑so або *to‑si̯o ’гэтага’, параўн. ст.-інд. tásya ’тс’ і пад. Жэлезнікер (WsJb, 10, 69 і наст.) ідэнтыфікуе ‑g‑ з элементам, прадстаўленым у прасл. *‑gda, *‑gdy (гл. тагды); аналагічна Фасмер (4, 69), які следам за Шмітам (KZ, 23, 292) бачыць у ім канцавы элемент прасл. *inogъ, *četvьrgъ (гл. чацвер).
Таго́ 2 ’таму’ (Юрч. СНС). Укр. того́ ’тс’, рус. того́, оттого́ ’тс’. Форма Р. або В. скл. займенніка той — вынік адвербіялізацыі (ЕСУМ, 5, 590; Фасмер, 4, 69). Параўн. адвербіялізаваную форму Д. скл. гэтага ж займенніка таму́, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)