Тага́н 1 ’падстаўка на ножках пад кацёл, чыгунок, вядро і пад. пры гатаванні ежы на агні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ’трыножак, на які вешаюць калыску з дзіцем у час жніва’ (леп., ЛА, 3; Ян.), таганы́ ’тс’ (ТСБМ, Касп.; докш., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ушац., леп., ЛА, 3), ’трыножнік для падвешвання ў полі люлькі, катла’ (ТС), тагано́к ’невялікі металічны кацялок з дзяржаннем для варкі ежы ў полі’ (Растарг.). Укр. тага́н ’трыножнік для катла’, тагани́ ’прыстасаванне для падвешвання калыскі ў час працы на полі’, рус. тага́н ’падстаўка для катла, трыножнік’, серб.-харв. тѝга̄њ ’патэльня’, балг. тига́н ’тс’, ст.-слав. таганъ, тиганъ ’тс’. З цюркскіх моў, дзе тат. qazan taɣany ’козлы для падвешвання катла’, крым.-тат. tyɣan ’жароўня’, якія далей звязваюць з грэч. τηγανον ’патэльня’, новагрэч. τηγάνι(ον) ’тс’ (Фасмер, 4, 9; ЕСУМ, 5, 502; Анікін, 521).
Тага́н 2 ’катаванне, строгі допыт’: возьми его на таганъ, дакъ и прызнаецца (Нас.). Рус. смал. натага́н ’у розныя бакі, урасцяжку’, ’на расправу’ (Дабр.). Відаць, да папярэдняга слова (гл. таган 1), якое мела і спецыфічнае значэнне ’прылада для катавання’, захавалася толькі ў спалучэннях з прыназоўнікам (прыстаўкай) на: на тага́н, натага́н ’паддаць расправе, катаванню’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)