Тараба́ніць 1 ’моцна стукаць, утвараючы шум, грукат’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’аднастайна грукаць, стукаць’, ’валачы, цягнуць, везці з грукатам’ (Янк. 2), ’балбатаць’ (Шатал.), ’бразгаць; балабоніць’ (Ян.), тараба́ніць языком ’па-пустому, многа і гучна гаварыць’ (Янк. 2), тараба́ніць, тороба́ніць ’тарахцець, барабаніць; балбатаць’ (Мат. Гом.), тыріба́ніць ’тарабаніць, тараторыць, крычаць, шумець’ (Бяльк.), тараба́ніті ’барабаніць’ (Вруб.), тарабані́тэ ’тс’ (драг., Нар. словатв.), тараба́ніць, тарабо́ніць, торобе́ніць ’барабаніць, бразгатаць’ (пра дождж, стук і г. д.)’, ’тараторыць, балбатаць, малоць языком’ (ТС), тараба́нькаць ’тарахцець, стукаць; гаварыць безупынна’ (ТС). Укр. тараба́нити ’грукатаць’, дыял. ’балакаць’, рус. тараба́нить ’грукаць; барабаніць’, польск. дыял. tarabanić ’тс’. Ад тараба́н ’барабан’ (гл. тарабан 2), значэнне ’балбатаць’ пераноснае (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Параўн. структурна аналагічнае талаба́ніць ’балбатаць’, гл. талабоніць.
Тараба́ніць 2 ’несці цяжкае, вялікае, грузнае’ (ТСБМ, Мілк., Мат. Гом.), ’несці на плячах’ (Яўс.), тараба́ніць (търъба́ніць) ’несці цяжкі груз’ (мёрск., Нар. лекс.), ’цягнуць, валачы’ (Ласт.; петрык., Яшк. Мясц.; мядз., Сл. ПЗБ), ’цягнуць з шумам і грукатам’ (Варл.), тарамба́ніць ’тс’ (Сл. рэг. лекс.). Укр. тараба́нити ’везці або несці нешта важкае і вялікае’, тараба́нитися ’ісці або ехаць далёка; ехаць марудна, з цяжкасцю’, рус. дыял. тараба́нить, тарба́нить ’цягнуць, валачы’, польск. дыял. tarabaniać się ’з цяжкасцю ісці, рухацца; увальвацца, караскацца’, каш. torbańic są ’караскацца; кешкацца, марудзіць’, чэш. tarabit ’з цяжкасцю несці’, tarabotit se ’пра цяжкую язду воза’. Апошнія словы Махае (636) выводзіць з чэш. těpiti ’несці’, těpati ’насіць’, роднасных лат. stiept ’з цяжкасцю несці, валачы’, ’з цяжкасцю або паспешліва бегчы’, ’намагацца, высільвацца’ і літ. stiẽpti, stiẽbti ’цягнуць уверх’, укр. тепо́рити ’з цяжкасцю цягнуць’, ускладненых “інтэнсіўнымі” суфіксамі, што не пераконвае. Спробы вывесці з літ. tarabénti ’цягнуць, валачы’, tarabénti ’несці, валачы’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 95) сустракаюць сур’ёзныя пярэчанні (Лаўчутэ, Балтизмы, 149). Няясна. Дапускаюць афіксальнае ўтварэнне ад укр. дыял. тере́бити ’цягнуць; несці што-небудзь цяжкае’ (гл. церабіць), притере́бити ’даставіць, прынесці’ (ЕСУМ, 5, 517), што не пераконвае; або параўноўваюць з рус. дыял. та́рабіць ’цягнуць’ (Фасмер, 4, 20). Кашубскае слова лічаць экспрэсіўнай трансфармацыяй tarmolëc są ’ўвальвацца (пра няпрошанага госця)’ пад уплывам torba (гл. торба), у пераносным значэнні ’дурань, няздара, недарэка’ (SEK, 5, 156). Больш верагоднае развіццё семантыкі ад тараба́ніць 1 ’грукатаць’ да ’цягнуць з грукатам што-небудзь цяжкае’ або ўтварэнне ад тарна́біць ’валачыць, цягнуць, несці з цяжкасцю’ (гл.) з перастаноўкай зычных у сярэдзіне слова і характэрнай для экспрэсіўных слоў сінкопай (пропускам галоснага).