Тапары́шча ’дзяржанне сякеры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Стан.), тапары́шчо, тапары́шчэ ’тс’ (Сл. ПЗБ), топо́рышчэ ’тс’ (Вруб.), топоры́шчэ ’тс’ (ТС, Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. топорище ’тс’, ’адзінка вымярэння даўжыні ў цесляроў’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. топори́ще ’тс’, рус. топори́ще ’тс’, в.-луж., н.-луж. toporišćo ’дзяржанне, ручка (напр., сякеры)’, харв. toporišće ’дзяржанне сякеры’, дыял. toporìšče ’чаранок матыкі’, славен. toporìšče ’тс’, таксама дыял. ’чаранок лапаты’, ’ручка цэпа, цапільна’, балг. топори́шка ’дзяржанне сякеры’, дыял. топори́ште ’дзяржанне вялікага молата, якім збіваюць сукно ў валюшы (сукнавальні)’. На значнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з тапарыска (гл.), якое мае адпаведнік у польск. toporzysko ’дзяржанне сякеры’, чэш. topořisko ’тс’, славац. toporisko ’тс’, што несумненна ўяўляе пазнейшую інавацыю ў славянскіх мовах. Шустар-Шэўц (1518) рэканструюе дзве праславянскія формы *toporiště і *toporisko, вытворныя ад *toporъ (гл. тапор). На беларускай і ўкраінскай тэрыторыі формы тапары́ска і топари́сько ’дзяржанне сякеры’ з’яўляюцца пранікнёнымі з польскай мовы, падтрыманымі экспансіяй суф. ‑isko.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)