То́шчы ’худы, слабы, шчуплы’ (Гарэц.), ’худы, сухі з выгляду’ (ТС), ’худы, галодны’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ’пусты, нежылы, парожні, незаняты’ (Сцяшк., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; паст., гродз., ЛА, 5; віл., маст., воран., ЛА, 4), то́шчэ ’нятлусты (пра мяса), худы, любовы’ (паўн.-усх., лун., ЛА, 4), то́шча ’схуднелая жывёла з упалымі бакамі’ (паўн.-усх.-бел., брэсц., ЛА, 1), то́шчшы (то́щший) ’худзейшы, змарнелы’ (Нас.), сюды ж то́шчо ’нашча’ (слонім., Арх. Федар.), ст.-бел. тощъ ’пусты, парожні’ (Альтбаўэр): на тоща срдце (XVI ст., Карскі 1, 20). Параўн. укр. то́щий ’пусты’, на тще серце ’нашча’, рус. то́щий ’худы’, ’парожні ўсярэдзіне’, стараж.-рус. тъщь ’тс’, ст.-польск. tszczy, czczy ’пусты, дарэмны’, польск. czczy ’парожні’, ’галодны’, ’худы’, в.-луж. nać (nač) wutroby ’нашча’, ст.-чэш. tští ’пусты’, na tščútrobu ’нашча’; славен. tȅšč ’пусты, галодны’, na teščè ’нашча’, дыял. tȃšč ’парожні’, серб. та̏шт, харв. чак. tȁšć, серб. на̏ште са̑рца ’нашча’, ст.-слав. тъщь ’парожні, пусты; марны, дарэмны’, сюды ж адносяць таксама балг. ще́та ’шкода, згуба’ (Куркіна, Этимология–1978, 40). Прасл. *tъščь ’парожні’ < і.-е. *tus‑skʼ‑i̯o, параўн. літ. tùščias ’тс’, лат. tukšs ’тс’, ’нежанаты’, ’бедны’, ст.-інд. tucchyá ’пусты, мізэрны, нязначны’ < ’запушчаны’, іран. *tući̯a‑, перс. tuhīg, новаперс. tuhī ’пусты’, пушту taš ’тс’, бялудж. tusag, vusaɣ ’заканчвацца, спустошвацца’, авест. taoš ’пусты’, а таксама лац. tesqua ’глуш, пустэча’, ’бясплодны, неўрадлівы стэп’ < *tu̯esquã (Сной у Бязлай, 3, 176; Вальдэ, 625; Фасмер, 4, 90–91; Брукнер, 74; Скок, 3, 446; Чарных, 2, 254–255; Куркіна, ОЛА, Исследов., 1982, 285; ЕСУМ, 5, 612).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)