Пры́шва1 ’драўляны вал у ткацкім станку, на які навіваюць ніткі асновы або вытканае палатно’ (Касп.; Інстр. 2), ’пярэдні навой’ (рас., Шатал.), ’папярочная перакладзіна ў кроснах’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’частка кроснаў’ (Дабрав., Кросны), прышва ’сувой’ (Мат. Гом.). Рус. пришва ’пярэдні вал у ткацкім станку для ўмацавання нітак асновы і намотвання вытканага палатна’, ’абрэзак палатна, да якога прымацоўваюцца ніткі асновы’. Як сведчыць апошняе, прышва ад прышыць, тут у значэнні ’далучыць, прымацаваць’. Гл. прышыцца.

Пры́шва2, мн. л. пры́швы, пры́шву ’пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і пярэднюю частку ступні; галоўкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Мат. Гом., ТС; ашм., Стан.), прышы́ва ’тс’ (Мат. Гом.), пры́швы ’новыя перады, галоўкі, прышытыя да старых халяў’ (Растарг., Інстр. 1), сюды ж з падобнай матывацыяй ’частка, прышытая да асноўнай’ — пры́шва ’частка (рыбалоўнай) сеткі; крыло ў жаку’ (петрык., нараўл., З нар. сл.; Маш.). Рус. при́швы ’новыя галоўкі, прышытыя да старых халяў; боты з новымі галоўкамі, прышвамі’, дыял. ’сеткавае палатно, дадаткова прышытае да крылаў невада’, укр. при́шви ’галоўкі ў ботах’, при́шивка, при́шовка ’кожны з кавалкаў сеткі, з якіх яна пасшываная’, польск. przyszwa ’саюзка’. Гл. прышва1, а таксама Банькоўскі, 2, 952.

Пры́шва3, прышвы, прішва, прішвы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’; ’жэрдка ў паплёце’ (Касп., Бяльк., паст., Сл. ПЗБ; ТС; полац., слаўг., чэрык., ЛА, 4), пры́швіна ’паплеціна, прывязка’ (ТС), прышыўка ’жэрдка, мацаванне крокваў’ (Мат. Гом.), прышывала ’жэрдка ў паплёце’ (паст., глыб., Сл. ПЗБ), прышывала, прышывалі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (паст., шарк., глыб., ЛА, 4). Рус. смал. пришва ’жэрдка, каб прыціснуць салому на возе7. Да прышываць ’прымацоўваць, прывязваць’, гл. прышыцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)