Тайба́ ’трыманне ў тайне, тайна’, ’утойванне, хаванне’: тайба грошай (Нас.). Прамая паралель у сучасных славянскіх мовах толькі ў славен. дыял. tȃjba (гл. Фурлан у Бязлай, 4, 147), што можна разглядаць як сепаратную беларуска-славенскую ізаглосу. Параўн., аднак, ст.-слав. таибьна ’тайна’, таибьно ’таямнічы, таемны’, таибьникъ ’асоба, якая валодае тайнай, жрэц, святар’ (толькі ў Супрасльскім кодэксе), стараж.-рус. таиба ’тайна’. Непасрэдна да прасл. *tajьba (сінанімічнага *tajьna, гл. тайна), якое з’яўляецца вытворным з суфіксам ‑ьbа (аб ім, але без кантынуантаў *taj‑ гл. Слаўскі, SP, 1, 61–62) ад *tajь ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (< *tajiti, гл. таіць). Гл. яшчэ Скок, 3, 434.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)