Та́йнік ’агент тайнай паліцыі, сышчык, шпік’ (вілен., Стан.), ’шпіён’ (глыб., Жыв. НС). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йны агент. Сюды, відаць, і та́йнік ’сябар, супольнік, памочнік’ (Ласт.), параўн. польскае wtajemniczony ’ўведзены ў курс справы’. Да тайны 1 (гл.).
Тайні́к 1 ’тайнае сховішча’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. тайни́к ’памяшканне, месца, якое служыць таемным прыбежышчам або сховішчам’; у гэтым значэнні ст.-рус. та́иникъ фіксуецца з канца XV ст. (Сразн.).
Тайні́к 2 ’падучая хвароба’ (Касп.). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йная хвароба, дзе семантыка тайны 1 (гл.), хутчэй за ўсё, ’няясны па паходжанні’, г. зн. не маючы знешніх прыкмет; унутраны. Сярод апісаных найбольш прадуктыўных славянскіх семантычных мадэлей эпілепсіі (Усачова, Слав. др., 3, 611–612) матыў ’тайны’ з такім разгалінавым напаўненнем не адзначаны, таму яго трэба лічыць уласна беларускім этналінгвістычным феноменам. Часцей, у прыватнасці ў замовах (жлоб., карм., нараўл., БНТ, Зам.), патайнік, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)