Та́я — указальны займ. ж. р. ад той (Нас., Ласт., Вруб.), ст.-бел. таꙗ, таѧ ’тс’ (XVI ст., Карскі 2-3, 194; Альтбаўэр), сюды ж эўфемізм та́я ’задніца’ (Пятк. 2), ’рэч ці асоба, якой тут няма’ (Варл.), та́я ха́та ’святліца’ (пруж., Нар. скарбы), та́я сла́ва ’толькі знак’ (драг., З нар. сл.), та́ято (та́јато) ’вось тая’ (Вруб.). Параўн. укр., рус. дыял. та́я, стараж.-рус. таꙗ, макед. таа. Узыходзіць як форма ж. р. да *tъ‑jь (гл. той, то), неўскладненая форма та сустракаецца ў гаворках: і та гаворыць і та (ТС), паводле Карскага (2–3, 194), пад рускім ці польскім уплывам, аднак, магчыма і другаснае сцяжэнне з пропускам ‑j‑, параўн. таа (бых., Рам. 4).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)