Спатка́ць ‘выйсці насустрач, сустрэць’ (ТСБМ, Нас., Касп.; ашм., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ, Рам. 6), спатыка́ць ‘сустракаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Барад., Бяльк., Сл. ПЗБ). Прыставачнае ўтварэнне ад патка́ць, патыка́ць ‘сустрэць, сустракаць’ (гл.).
Спаты́чка ‘(нечаканая) сустрэча’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сутычка, сварка’ (Нас., Сл. ПЗБ). Утворана ад спатыкаць (гл. спаткаць) па ўзору польск. potyczka ‘тс’ або непасрэдна ад польск. з прыст. с‑.
Спахо́вы ‘адхоны, адлогі’ (ПСл, Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘пахілы’ (беласт., Лапіч, Term. geogr.), спахо́ваты ‘тс’ (ЛА, 2), спахо́вісты ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. спахо́вий, спахова́тий, спахова́стий ‘пахілы, спадзісты’, польск. дыял. spachowy, spachowaty ‘тс’. Няясна. Магчыма, да спаха́ць ‘выпрацаваць да канца’, спаха́ны ‘спрацаваны, сцёрты’ (ТС), што да пахаць (гл.) — тады ‘згладжаны’, параўн. спахо́мы ‘пакаты’ (Сцяшк. Сл.) — дзеепрыметнік ад спахаць? Сюды ж, відаць, і спахало́вы ‘псіхічна хворы’ (там жа). Параўн. польск. pachać ‘мясці, зграбаць’ (Варш. сл.). Параўн. ЕСУМ, 5, 382 (мяркуюць пра кантамінацыю тыпу спуск з пахілы).
Спахо́мы ‘пакаты (бераг)’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; параўн. польск. pachać ‘капаць; зразаць’ (Фасмер, 3, 220). Гл. пахаць.
Спацы́р ‘прагулка’ (Скарбы). Праз польск. spacer ‘тс’ і, магчыма, ід. Spacir ‘тс’ (Шульман, Полымя, 1926, 8, 212) з ням. Spazier ‘тс’. Гл. шпацыр.
Спаць ‘знаходзіцца ў стане сну, спячкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спа́ти, рус. спать, стараж.-рус. спати, польск. spać, в.-луж. spać, н.-луж. spaś, чэш. spat, славац. spať, серб.-харв. спа̏ти, славен. spáti, балг. спя́, макед. спие, ст.-слав. съпати. Прасл. *sъpati (ад *sъ(p)nъ ‘сон’), роднаснае ст.-інд. svápiti, svápati ‘ён спіць’, англ.-сакс. svefan ‘спаць’, ст.-ісл. sofa ‘тс’, лац. sōpiō ‘усыпляць’; гл. Фасмер 3, 732–733 з літ-рай; Глухак, 571. Гл. таксама Борысь (568), які славянскае слова і роднасныя ўзводзіць да і.-е. кораня *su̯ep‑/*sūp‑ ‘спаць’. Гл. таксама сопці, сапці; паводле Сноя (SR, 36, 1, 107), значэнні ‘спаць’ і ‘дыхаць, сапці’ развіліся ў корані і.-е. *su̯ep‑ вельмі даўно, бо ў праславянскі перыяд матывацыя ‘дыхаць’ > ‘спаць’ не была ўжо актуальнай.
Спа́чча ‘здарэнне’ (Бяльк.). Ад спадаць (*спад‑ча?), параўн. кантэкст: такая спачча: з крышы забіцца (там жа).
Спень ‘шпень, кароткі выступ, завостраная кароткая палачка і інш.’ (ТС), укр. дыял. спінь ‘востры канец верацяна’. Апошняе, паводле Трубачова (Ремесл. терм., 100; Труды, 1, 778), роднаснае н.-луж. špeńc ‘стрэмка, асцюк, калючка, жала, страла, расток’ < *spěnьcь, *spьnьcь < прасл. дыял. *spьnь, spinь што звязала з лац. spīna ‘іголка, шып’, spīnus ‘цёран’. Можа паходзіць таксама з рум. spin ‘калючка, іголка’ (ЕСУМ, 5, 374). Гл. аднак шпень ‘штыр, стрыжань’, ‘вастрыё ў верацяне’, шпе́ніць ‘шчыльна састаўляць’, якія несумненна да польск. śpień ‘злучэнне, запанка’, параўн. шпо́нка ‘драўляны шып, якім замацоўваюцца дошкі (Ян.), што, хутчэй за ўсё, звязана з ням. Spahn ‘трэска’. Няясна, магчыма, вынік налажэння семантыкі розных па паходжанні слоў.
Спех ‘паспешлівасць, спешка’ (ТСБМ, Бяльк., Барад.), ‘поспех, спор’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘хуткасць, поспех’ (ТС). Параўн. укр. спіх, рус. спех, успе́х, польск. śpiech, в.-луж., н.-луж., чэш. spěch, славац. spech, славен. spẹh ‘паспешлівасць; працвітанне’, балг., макед. спех, ст.-слав. спѣхъ ‘паспешлівасць, прага’. Прасл. *spěxъ. Да спець (гл.). Параўн. лац. spēs, мн. л. spērēs ‘чаканне; надзея’. У праславянскай чакалася б *spěs‑; канчатковае ‑x тлумачыцца аналогіяй: *spěxъ: *spěti, як *grěxъ: *grěti; гл. Фасмер, 3, 734 з літ-рай; Сной₁, 700; Шустар-Шэўц, 1138–1139.
Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијети ‘даспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор 1).