Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слі́ба (сьлі́ба) ‘хіба’ (Яўс.), ‘хіба’ і ‘каб’ (Бяльк.). Гл. сіба ‘тс’ з няяснай заменай слі‑/хі‑, аднак параўн. слі́паць/хлі́паць ‘хныкаць’ (ТС). Першую частку можна атаясаміць з укр. сли < если́, рус. е́сли ‘калі’ (< *jestьli), аднак семантыка пярэчыць такому збліжэнню. Гл. сіхібо, хіба (гл.).

Слібізава́ць ‘чытаць па складах’, ‘вучыцца якому-небудзь рамяству’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр.), сьлібізава́ць ‘чытаць па складах’ (Байк. і Некр., Варл.), слібізава́ць, слябізава́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), слі́бізам ‘па складах (чытаць)’ (брасл., Сл. ПЗБ). Кюнэ (Poln., 98) узводзіць беларускае слова да польск. sylabizować, народнае ślabizować, ślebizować ‘тс’, якія да с.-лац. syllabizare < лац. syllaba ‘склад’ (Брукнер, 528). Карскі (Белорусы, 163) мяркуе пра пасрэдніцтва ням. Sillabisieren ‘тс’. Гл. яшчэ Вярэніч, БЛ, 10, 61.

Слібі́ць (сьлі́біць) ‘ільсніцца’ (Ласт.), сьліба́ ‘амальгама’ (Ласт., Байк. і Некр.). Няясна, параўн. польск. дыял. ślibrzny ‘сярэбраны, срабрысты’.

Слі́ва ‘фруктовае дрэва, Prunus domestica L. і яго плод’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Кіс.), сьлі́віна ‘слівавае дрэва’ (Касп., Мат. Гом.). Укр., рус. сли́ва, серб.-ц.-слав. слива, польск. śliwa, в.-луж. slowka, н.-луж. sliwa, чэш. slíva, славац. sliva, серб.-харв. сли̏ва, шљи̏ва, славен. slíva, балг. сли́ва, макед. слива. Прасл. *sliva. Лічаць вытворным (або субстантываваным прыметнікам ж. р. — Сной₁, 581) ад прым. *slivъ, які захаваўся ў славен. slîv ‘блакітнаваты, колеру слівы’ (гл. Махэк₂, 555). Роднаснымі лічацца лац. *līvos ‘сіняваты’, līveō, ‑ēre ‘мець сіняваты колер’, līvidus ‘сіні, свінцовага колеру’, далей, ст.-в.-ням. slêha, slêwa ‘цёрн’, ст.-ірл. ‘колер, бляск’ (Траўтман, 269; Фасмер, 3, 670), якія да і.-е. кораня *(s)lî‑ (*sləi‑; *slōi‑) ‘сіняваты’; гл. Покарны, 715–716.

Слі́вень ‘род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі’ (ТСБМ), ‘род злой, гавораць сляпой, змяі’ (Нас.), ‘мядзянка (змяя)’ (Байк. і Некр.), ‘род змяі’ (Касп.), сьлі́вень ‘слімень, медзяніца-гадзюка’ (Бяльк., Сцяшк.), слі́вянь, слі́вень ‘вераценніца, якую лічаць ядавітай змяёй’ (Сл. ПЗБ). Рус. зах. сли́вень ‘тс’, польск. дыял. śliwień ‘ядавітая змяя’. Паводле Фасмера (3, 670), табуістычнае пераўтварэнне з сле́пень (гл. сляпень, як другую назву вераценніцы, Сл. ПЗБ) пад уплывам сліва, таму што змяя мае свінцова-шэрую афарбоўку; мала верагодным ён лічыць запазычанне з літ. slibinas, slykỹnas ‘казачны злы змей’, як гэта мяркуе Карскі (РФВ, 49, 21); прыводзіцца сярод слоў, балтыйскае паходжанне якіх цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 148). Параўн. слімень.

Слі́га ‘дошка пад нахілам’ (Касп.), слі́гі ‘падваліны’ (віц., ЛА, 4). Гл. сле́га.

Сліж1 ‘галец’ (Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘невялікая сомападобная рыбка’ (Нар. лекс.), слі́жык ‘галец’ (Гіл.), ‘дробная рыбка’ (Бяльк.), ‘дробная рыбка, падобная на ўюна’ (Нар. лекс.), сліж, слі́з ‘галец’ (Сцяшк.), ‘уюн’ (Скарбы), ‘малюск’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. слижъ ‘галец’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сліж ‘галец, Cobitis barbatula’, рус. слиз ‘рыба Biennius, з пароды вугроў’, польск. śliz, śliż, śliżyk ‘галец, Nemalhilus barbatula’, в.-луж. sliž ‘уюн’, šliž ‘галец’, н.-луж. sliž ‘смоўж’, славац. slíž ‘рыба галец’, чэш. дыял. slíž, šlíž, šliž ‘тс’. Паўночнапраслав. *slizъ, *slizi̯o‑ (Фасмер, 3, 671). Звязана з слізкі (гл.), таму што гэтыя рыбы пакрытыя тоўстым слоем слізі (Міклашыч, 307; Праабражэнскі, 2, 322), паколькі большасці з названых рыб характэрна выдзяленне слізі (Каламіец, Рыбы, 40). Сумненні ў Махэка₂ (555) з прычыны таго, што назва адносіцца да розных рыб, але, відаць, яны неапраўданыя. Басай і Сяткоўскі (Słownik, 380–381) адводзяць меркаванне пра запазычанне польск. śliżek праз чэш. sližek з ням. Schleisse ‘рыба Nemachilus barbatulus’.

Сліж2 ‘праснак’ (Сцяшк.), ‘печыва з мукі’ (ЛА, 5), сліжы ‘праснакі, якія ядуць на калядную Куццю з цёртым макам’ (Сцяшк. Сл.), ‘клёцкі’ (смарг., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (ашм., шальч., Сл. ПЗБ), слі́жыкі ‘тс’ (Нас.; гродз., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (паст., іўеў., воран., Сл. ПЗБ), слі́зік ‘праснак’ (Сцяшк. Сл.), слі́зікі ‘кавалачкі пшанічнага цеста, адвараныя ў вадзе і залітыя макавай сумессю’ (Скарбы). Польск. śliż(yk), чэш. sliž ‘від ежы’, дыял. slíž(ek), славац. slíž, у тым ліку і ‘мучныя клёцкі, якімі кормяць гусей перад забоем’. Беларускае, лічачы па лакалізацыі, відаць, з польскай. Махэк₂ (555) этымалогію лічыць няяснай, але не выключае, што гэта дэрыват ад слізкі; да гэтага параўн. тлумачэнне Насовіча (Нас., 590): іх ядуць з сытой або макавым малаком, ад чаго яны робяцца слізкімі.

Сліж3 ‘доўгае бервяно, якое кладзецца па баках маста для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк., ПСл; віл., лід., Сл. ПЗБ; ЛА, 5), ‘бервяно, па якім спускаюць на ваду лодку’ (ТС), ‘бервяно, па якім усцягваюць наверх цяжкія калоды’ (ПСл, ЛА, 5), сліжакі́, сліжы́ ‘лагі’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), слеж ‘падваліна’ (брэсц., кобр., Нар. сл.), сле́жык ‘аснова печы’ (іван., Нар. сл.), слі́жка ‘шасток у хаце для адзежы’ (Касп.), сліз ‘падоўжная бэлька ў гаспадарчых будынках на сохах’ (ЛА, 4), сліс, сліш ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слиж ‘папярочны брус у столі з прутоў’, сляж ‘тс’, сле́жык ‘адзін з слупоў, на якіх пастаўлена печ’; сюды ж ст.-польск. śleżej ‘бервяно пры будове моста’, польск. дыял. śleżyna ‘доўгая жэрдка, да якой прыбіваюцца штакеціны’, чэш. slizej ‘ледарэз; бервяно, што ахоўвае млын ад ільдзін’, sluzuj, sluzej ‘бервяно ў аснове моста’, славац. дыял. šlezaj ‘бервяно, перакінутае праз раку; бервяно паверх насцілу моста’. Махэк₂ (559) меркаваў, што заходнеславянскія тэхнічныя тэрміны грунтуюцца ў рэшце рэшт на ням. Schleuse ‘шлюз’ (гл. шлюз, слюз), а зыходнымі трэба лічыць формы з ‑u‑ (< ням. ‑eu‑), параўн. слюга (гл.). Борысь (Etymologie, 599–601) атаясамлівае паходжанне заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх форм, што ўзыходзяць да *sъlěga/*sъlęgti, прыставачных дэрыватаў *legti, *ležati, *lěgati ‘лажыць, лажыцца’, гл. ляжаць, слега. Усё гэта не выключае ўзаемнага ўплыву на форму і семантыку народнага і запазычанага тэрмінаў.

Сліжа́ (сьліжа́), сьліжані́на ‘вараныя сухія фрукты’: наварыла сьліжы з яблыкаў (Ласт.). Гл. сліж2.

Слі́жань ‘смоўж, слімак’ (Яўс.). Да слізкі (гл.), параўн. сліж1.

Слі́жба ‘колькасць’: ніколі не бачыла такой сліжбы людзей (Мат. Гом.). Калі гэта не памылка пры запісе, гл. сці́жба, то верагодней за ўсё кантамінацыя апошняга і лічба ‘лік, колькасць’.