Слі́вень ‘род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі’ (ТСБМ), ‘род злой, гавораць сляпой, змяі’ (Нас.), ‘мядзянка (змяя)’ (Байк. і Некр.), ‘род змяі’ (Касп.), сьлі́вень ‘слімень, медзяніца-гадзюка’ (Бяльк., Сцяшк.), слі́вянь, слі́вень ‘вераценніца, якую лічаць ядавітай змяёй’ (Сл. ПЗБ). Рус. зах. сли́вень ‘тс’, польск. дыял. śliwień ‘ядавітая змяя’. Паводле Фасмера (3, 670), табуістычнае пераўтварэнне з сле́пень (гл. сляпень, як другую назву вераценніцы, Сл. ПЗБ) пад уплывам сліва, таму што змяя мае свінцова-шэрую афарбоўку; мала верагодным ён лічыць запазычанне з літ. slibinas, slykỹnas ‘казачны злы змей’, як гэта мяркуе Карскі (РФВ, 49, 21); прыводзіцца сярод слоў, балтыйскае паходжанне якіх цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 148). Параўн. слімень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)