Сляпе́нь ‘насякомае Tabanus L. (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сляпа́к ‘сляпень’ (ТСБМ, Сцяшк., Шатал., Нар. словатв., ТС), сляпе́ц ‘тс’ (Скарбы), сляпня́к ‘тс’ (Нар. лекс.), сляпе́нь ‘вераценніца’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ). Укр. слі́пень ‘насякомае Tabanus’, сліпи́й овод ‘авадзень’, сли́пинь ‘змяя’, сліпа́к ‘вераценніца’, рус. сле́пе́нь ‘насякомае Tabanus’, польск. ślepak ‘авадзень’, ślepiec ‘тс’, в.-луж. slepc, н.-луж. slěpc ‘тс’. Да сляпы, таму што, па народных уяўленнях, калі авадзень упіваецца, робіцца як бы сляпым і яго можна зняць не спалохаўшы, а вераценніцу лічаць сляпой з-за малога памеру вачэй. Гл. Фасмер, 3, 669; Бязлай, 3, 259; Шустар-Шэўц, 1311–1312; ЕСУМ, 5, 303–304; Новое в рус. этим., 210–211. Сюды ж, мабыць, слепень: слепням у вочы лезе (Сержп.), сле́пецень у выразе лезці слепетнем і слепі́ца: лезці слепіцэю ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС, Пятк. 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)