Слі́ва ‘фруктовае дрэва, Prunus domestica L. і яго плод’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Кіс.), сьлі́віна ‘слівавае дрэва’ (Касп., Мат. Гом.). Укр., рус. сли́ва, серб.-ц.-слав. слива, польск. śliwa, в.-луж. slowka, н.-луж. sliwa, чэш. slíva, славац. sliva, серб.-харв. сли̏ва, шљи̏ва, славен. slíva, балг. сли́ва, макед. слива. Прасл. *sliva. Лічаць вытворным (або субстантываваным прыметнікам ж. р. — Сной₁, 581) ад прым. *slivъ, які захаваўся ў славен. slîv ‘блакітнаваты, колеру слівы’ (гл. Махэк₂, 555). Роднаснымі лічацца лац. *līvos ‘сіняваты’, līveō, ‑ēre ‘мець сіняваты колер’, līvidus ‘сіні, свінцовага колеру’, далей, ст.-в.-ням. slêha, slêwa ‘цёрн’, ст.-ірл. ‘колер, бляск’ (Траўтман, 269; Фасмер, 3, 670), якія да і.-е. кораня *(s)lî‑ (*sləi‑; *slōi‑) ‘сіняваты’; гл. Покарны, 715–716.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)