Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скры́гла ‘стрыжань птушынага пяра’ (свісл., Сл. ПЗБ), скрыглёк ‘скрылёк (бульбы)’ (гарад., там жа), скры́гель, ‘скрылік’ (Скарбы), скрыга́ль, скрыге́ль ‘кавалак сала’ (Ян., Мат. Гом.), скрыгля́ць ‘наразаць скрылямі’ (Сцяшк.). Нейкая кантамінацыя, магчыма, скрыль (гл.) і стругаць, або ад скрыга з ‑л‑суфіксацыяй. Не выключана, што слова паходзіць з скрыдла (гл.), параўн. Філін (Происх., 272 і наст.) аб генезісе kl, gl < tl, dl на славянскіх тэрыторыях, сумежных з балтыйскімі.

Скрыгля́ць ‘наразаць тонкімі скрылікамі’ (Сцяшк.). Да папярэдняга слова, параўн. скрыль (гл.).

Скры́дла ‘крыло’ (Байк. і Некр.; воран., Шатал.), скры́длы мн. л. ‘тс’ (Сцяшк., Інстр. 2), скры́дла, скры́дло, скры́длы, скры́для ‘крыло’, ‘рагач у калаўроце’ (паст., смарг., гродз., шальч., Сл. ПЗБ), скрыдэ́лка памянш. (лаг., КЭС), скры́далкі ‘плаўнікі’ (рас., Шатал.), сюды ж скра́дла ‘крылле’: пявун як замахае сваім скрадлам (Мат. Гом.). З польск. skrzydło ‘крыло’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83). Ст.-бел. скридло, скрыдло кан. XVI — пач. XVII ст., з ст.-польск. (Булыка, Лекс. запазыч., 204). Гл. крыло.

Скры́дня ‘крыга’ (валож., Сл. ПЗБ). Кантамінацыя скрыга з асновай скрыд-, якая ў скрыдэль (гл.), аформленае суф. ‑н(я).

Скрыдэ́ль ‘скрыль’, памянш. скрыдэ́лек, скрыдэ́лак (беласт., ашм., гродз., Сл. ПЗБ), скры́длікі ‘страва з цёртай бульбы’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж, відаць, скрыдле́ўе ‘скібы змёрзлай зямлі’ (віц., Хрэст. дыял.). Кантамінацыя скрыль і скрыдла, скрыдля (гл.).

Скрыло́ ‘крыло’ (Ласт., Сл. ПЗБ, Стан.), скры́льлі ‘крылы’ (Ласт.), скры́лы ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скры́лья ‘крылле’ (там жа). Варыянт з рухомым s‑ ад *skridlo/*kridlo (гл. ЭССЯ, 12, 153). Гл. крыло.

Скрыль ‘луста, скіба’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Мядзв., Бяльк., Янк. Мат., Жд. 1), ‘пласт узаранай зямлі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘вашчына’ (там жа), ‘жменя льну’ (мядз., там жа), ‘губа на дрэве’ (ТС), скрылі́ ‘нарэзаная і падсмажаная бульба’ (Бяльк., Мат. Гом., Янк. Мат.), скрылькі́ ‘суп з бульбы’ (барыс., Жд. 1), скрыль ‘соты з мёдам у раме’ (віл., З нар. сл.), памянш. скры́лік, скрыля́ць ‘рэзаць скрылямі’ (ТСБМ, Касп., Нас., Ласт.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ). Рус. зах., паўд. скрыль ‘трэска, лучына, луста хлеба’, польск. дыял. skrzyl ‘бераг, край’, чэш. skřidla, škřidla ‘сланец, чарапіца’, славац. škridla ‘тс’, серб.-харв. скри́ла, шкри́ља, шкриљац ‘тонкая каменная плітка’, славен. skríl ‘сланец’, skríla ‘каменная плітка’, škríl, škríla ‘сланец; ільдзіна’. Прасл. *skridlь або *skridla ‘што-небудзь расшчэпленае, расколатае, адрэзанае’. Мяркулава (Этимология–1982, 46–47) узнаўляе прасл. *skriti ‘рэзаць’, адкуль выводзіцца смал. скрыля́ць ‘шчыпаць’. Сной₁ (575) дзеяслоў рэканструюе як *skristi, skridǫ ‘рэзаць , які да і.-е. базы *skreid‑ ‘рэзаць, шчапаць’. У якасці паралеляў ён прыводзіць гоц. diskretends ‘торгаючы, ламаючы’, ням. бавар. schritzen ‘ламаць, торгаць’, нова-в.-ням. schritz ‘разрэз’. Фасмер (3, 659) звязвае з кроіць, крою (гл.). З прычыны праславянскага і агульнаславянскага характару слова нельга лічыць яго запазычаным з літ. skrỹlis ‘варэнікі; аладкі; абрэзкі цеста’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 39 з літ-рай), параўн. Анікін, Опыт, 283 з літ-рай.

Скрыме́ць ‘дранцвець, церпнуць, пачынаць балець’ (Тур.). Няясна.

Скрындзі́ць ‘плакаць, ныць, капрызіць’ (Арх. Федар.). Гл. скрэнда.

Скрындо́ла старое ‘аглобля сахі’ (ТСБМ). Гл. крынджалы.