Кры́нджалы ’сані, прызначаныя для перавозкі бярвення’ (Япк., Мат., Мат. Гом., Ян., ТС), ’прывалы, прылада для калее, каб вазіць бярвенні’ (Бяльк.), ’козлы з трох кійкоў’ (ТС). Укр. кринджола ’санкі’, рус. кринджолы ’тс’, польск. gryndżoły ’нізкія сані для саломы’. Лічыцца балтызмам. Параўн. літ. gri̯žulas, gri̯zulge, grezalas ’дышаль’. Гіпотэза аб запазычанні з польск. grządzil, grądziel ’дышаль сахі’ (Фасмер, 2, 377) неверагодная, бо ў гэтым выпадку мы б чакалі дыфтонг ‑on‑, а не ‑in‑, ‑yn‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 11).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)