Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скалану́ць ‘страсянуць; паварушыць’, ‘перамяшаць’ (ТСБМ, Касп., Гарэц., Яруш., Чач., Шн.), ‘страсянуць’ (навагр., Сл. ПЗБ; Сержп. Прымхі), скалану́цца ‘ўздрыгнуць, задрыжаць’ (Байк. і Некр., Шат.), скалатну́ць ‘патрасці’ (ТСБМ, Варл.). Ад скалатнуць, дзеяслова аднакратнага дзеяння, да калаціць (гл.) з спрашчэннем групы зычных. Няма падстаў скалану́ць ‘скаламуціць, замуціць (ваду)’ выводзіць з літ. skalinât, skaluõt ‘паласкаць бялізну’, як сцвярджае Лаўчутэ (Балтизмы, 72), таму што іх семантыка поўнасцю адпавядае асноўным значэнням дзеяслова.

Скалатня́ ‘муць, падонкі’ (Нас., Байк. і Некр.). Дэрыват ад скалаціць < калаціць (гл.) з суф. ‑н(я).

*Ска́лачка, ска́лочка ‘скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum L.’ (Бейл.). Бліжэйшыя адпаведнікі — ска́лачка ‘плямка тлушчу ў страве’ (Сл. ПЗБ), укр. ска́лочка ‘кусок, асколак крэменю’, ‘ракавіна малюска’, балг. радоп. ска́лички ‘дзіцячая гульня з пяццю каменьчыкамі ці костачкамі’; гл. скалка1,2,3. Расліна магла быць названа па знешнім падабенстве з ракавінай або з-за адпадаючых лістоў-лускавінак. Але параўн. яшчэ славац. skalnica ‘расліна скочкі’, якая так завецца па месцы знаходжання некаторых яе відаў; гл. Махэк, Jména, 58. Усё да кораня скал‑ (гл. скала́1).

Скалбо́ціць ‘размяшаць’ (іўеў., Сл. ПЗБ), скалбуці́ць ‘збоўтаць, перамяшаць’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да калбата́ць (гл.), што звязана з літ. kalbė́ti ‘гаварыць’, ідыш kalbekenen ‘гаварыць мяшанай мовай’, ням. дыял. (усх.-прус.) kalbêken ‘гаварыць многа і голасна’, рус. прыбалт. скалбе́каться ‘пачаць гаварыць па-літоўску’, адносна якіх гл. Анікін, Опыт, 279. Параўн. аднак прасл. *skolbiti se ‘адкрываць рот, ашчэрваць зубы; смяяцца’, якое Варбат (ОЛА, Исследов., 1975, 139) выводзіць ад *skoliti, гл. скалщь.

Скалдырэ́чыць ‘хлусіць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, звязана з рус. дыял. скалды́рничать, сколды́рничать ‘скнарыцца, скупіцца’, ‘папрашайнічаць; кленчыць’, скалды́рник ‘скупы, прагны; скнара’, ‘ліхвяр’ (у Гогаля). Паводле Фасмера (3, 631), апошнія не маюць надзейнай этымалогіі. У аснове экспр. калды́р ‘хам, жлоб’ (Наша Ніва, 2004, 12 лістап.). Канец слова ‑рэчыць нагадвае дзеяслоў ракці́ ‘сказаць’, гл. рэ́кнуць.

Скале́цкі ‘моцны, пякучы (пра мароз)’ (Сцяшк. Сл.). Ад скале́ць ‘змерзнуць, скачанець’ (гл. калець) па тыпу кі́даць > кі́дкі.

Ска́ліць ‘агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу)’ (ТСБМ), ска́ліць (шчэ́рыць) зу́бы ‘смяяцца, рагатаць, насміхацца’, ска́ліцца ‘тс’ (ТСБМ, Гарэц., Янк. 2, ТС, ПЗБ), ‘смяяцца’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Пятк. 2, Ян.), ‘ашчэрвацца; паказваць злосць’ (Нас.), ‘прыжмурвацца’ (Мат. Гом.), скалы́ты: скалы́тʼ го́чы ‘прыжмурвацца; прыжмурваць вочы’ (Клім.), скала́ты ‘той, хто смяецца з іншых’ (Сл. рэг. лекс.), сюды ж ска́лікі ‘кпіны’ (Бяльк.), фраз. ска́лачкі ска́ліць ‘усміхацца’ (пра немаўля) (Нік. Посл.). Укр. ска́лити ‘скаліць (зубы)’, ‘прыжмурваць (вочы)’, ска́литися ‘тс’, рус. ска́лить (зубы), ска́литься ‘усміхацца, смяяцца’, польск. skalić się ‘трэскацца, пакрывацца трэшчынамі’. Ад таго ж кораня, што і скала́1, з якім звязана чаргаваннем; гл. яшчэ шчыліна (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, 2, 292; Фасмер, 3, 631). Паводле Борыся (SEK, 4, 274), дэнамінатыўнае ўтварэнне ад *skala.

Ска́лка1 ‘крэмень, кавалак крэмень дня крэсіва’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Ласт., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мядзв., Маш., Янк., Шат., Пятк. 2, Мат. Гом., Сцяшк., Сл. ПЗБ, віц., паўн.-маг., паўн.-гродз., ЛА, 4), ‘цвёрды камень, крэмень, які ідзе на выраб млынавых камянёў, а раней скарыстоўваўся для здабывання агню’ (БРС), ска́ліца ‘тс’ (віц., Яшк.). Улічваючы спецыялізацыю значэння, хутчэй за ўсё, з польск. skałka ‘востры асколак крэменю для выкрасання агню, які ўжываўся раней у агнястрэльнай зброі’, якое ад skała (гл. скала́1) (Брукнер, 493; Варш. сл. 6, 127). Сюды ж і ўкр. ска́лка ‘крэмень у стрэльбе’. З другога боку, параўн. адлюстраванне ў фальклоры вераванняў, што кавалкі крэменю, якія раней выкарыстоўваліся для здабывання агню — гэта асколкі двух жорнаў, з дапамогай якіх Пярун здабывае агонь (Іванаў, Тапароў, Иссл., 86 і наст.), параўн. польск. skałka piorunowa (Варш. сл.). Гл. таксама Страхаў (Palaeoslavica, 12, 2, 251).

Ска́лка2 ‘кропля тлушчу ў вадкай страве’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Янк., Байк. і Некр., Янк. 2, Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., ТС, Сл. ПЗБ, Сцяц., З нар. сл., паўд.-зах., ЛА, 4), ска́лька ‘тс’ (Вешт.), skałka ‘плямка ў супе’ (беласт., Лапіч, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałka ‘тс’. Ад таго ж кораня скала́1 (гл.), што да і.-е. кораня *skel‑ ‘біць, расчляняць’, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адбітае’, аналагічна набору значэнняў у іншых гнёздах слоў з коранямі *sker, *skab‑, параўн. скабка; гл. Пятлёва, Этимология–1972, 84 (мяркуе, што значэнне развілося на базе параўнання ‘як лускавінка’, ‘як скурка’, ‘як плёнка’). З іншым вакалізмам параўн. ско́лька: жырные сколькі (Куч.), што да прасл. *skoliti ‘расшчапляць’, параўн. Борысь, Etymologie, 402. Першаснае значэнне ўсё ж, відаць, ‘пырска, пена’, ‘водбліск’: А як пеніцца вада! Як гуляе на ёй скалка! (Я. Колас); параўн. у Шымкевіча ўкр. прыснули на сине̂мъ морѣ скалки.

Ска́лка3, ска́лька ‘рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), ‘слімак з ракавінай’, ‘ракавіна слімака’ (драг., Нар. лекс.), скал ‘бяззубка (ракушка)’ (ТС), скаль, ска́лка ‘слімакова ракавіна’ (Сл. Брэс.). Укр. ска́лка, рус. ска́лка, ска́лька ‘тс’. Да скала́1 (гл.) (Праабражэнскі, 2, 221–222; Фасмер, 3, 631). З іншай ступенню каранёвай галоснай параўн. укр. скойка ‘ракавіна бяззубкі’, балг. ско́лка ‘рачная мідзія, Anadonte cygnea’, скойка ‘мідзія, ракавіна мідзіі’, серб.-харв. сколка, скољка ‘тс’, славен. skoljka, ст.-слав. сколька, сколъка ‘ракавіна’ (БЕР, 6, 771; Фасмер, 3, 647).

Ска́лка4, ска́лька ‘від рыбалоўнага снараду’ (Касп.). Фармальна да скалька ‘ракавіна’ (гл. папяр. слова), але матывы намінацыі няясныя.

Ска́лка5 ‘бяльмо на воку’ (беласт., Лапін, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałki (na oku) ‘тс’. Лапін (там жа, 32) тлумачыць ‘плямка на воку’ > ‘плямка ў супе’ і мяркуе, што апошняе значэнне запазычана з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. архаічную палеска-карпацкую ізасему, гл. Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 26. Да *skala (гл. скала́1); асабліва параўн. ска́ла ‘бяроста’, серб.-харв. ска̏ла ‘скала; кавалачак; скепка’ і г. д. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці польск. łupież ‘скурка, плеўка ў воку’ < слав. кораня lup‑ (гл. лупіць). Падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1972, 81 і наст.

Скало́ціны ‘маслянка’ (Касп., Шатал., Сцяшк. Сл., Варл., Жд. 2, Нар. сл., Нар. словатв.), скало́ціна, скало́твіны (Нас.), скало́цьвіна (Бяльк.), скало́цвіны (ЛА, 4), скалаця́нка, скало́ціна, скало́цьвіна (Мат. Маг.), скало́чыны (Жд. 2), скало́чанка (Жд. 2, Жыв. сл.), скалаця́нка (Гарэц.) ‘тс’. Да скалаціць < калаціць з рознымі суфіксамі. Параўн. аднакаранёвыя ўкр. сколо́тина, часцей мн. л., рус. дыял. сколо́тина, вы́колотки ‘тс’.

Скаль ж. р. ‘перадавы атрад пчол, які перад раеннем вылятае шукаць, выбіраць новае месца для новага роя’ (гродз., дзятл., баран., свісл., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Анох., Янк. 2, Байк. і Некр., Нар. сл.), скала́ (Анох., Сцяшк., Сцяц.), ска́льлі (Нар. сл.), ска́лля (Анох.), скалля́, ска́ля (З нар. сл.), скалі (Інстр. 1; мазыр., Архіў БЭЛА), ска́ло н. р. (Сл. Брэс.) ‘тс’, скалява́ць ‘шукаць, выбіраць (пра пчол — новае месца перад раеннем)’ (Байк. і Некр., Янк. 2, Анох., Маш., Нар. сл.), скалі́ць (Некр., З нар. сл.), ско́ліваць (Нар. сл.) ‘тс’. Укр. скаль м. р., ска́ла ‘тс’, дыял. палес. скаль ‘пчала-разведчык’, рус. скалья́ зборн. ‘перадавы атрад пчол; пчолы-разведчыкі’, польск. skal м. р. ‘скаль’, skała, skarły ‘скаль’, н.-луж. дыял. skal ‘пчаліная матка’. Прасл. *jьskalь, дэрывата суф. ‑(a)lь ад дзеясл. *jьskati, гл. іскаць, параўн. іншыя назвы: іск, іска́, по́іск, по́іска (ЛА, 1). Гл. Ніканчук, БЛ, 6, 68 і наст.; Борысь, Etymologie, 225–227; ЭССЯ, 8, 237–238.