Калбата́ць ’мяшаць, збіваць яйкі з мукой’ (гродз., Мат. АС), калбоціць, калбаціць, калбуціць ’рашчыняць’, ’замешваць’, ’боўтаць’ (гродз., Сл. паўн.-зах.), калбоціцца ’боўтацца, пералівацца’ (Сцяшк. МГ), ’боўтацца, пялёскацца’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж і вытворныя: калбочаная яешня, калбатуха ’амлет, страва з малака, мукі, яец, перамешаных і спечаных на сале’ (Сцяшк. МГ), калбатун ’баўтун, неаплодненае яйцо’ (ашм., воран., іўеў., Сл. паўн.-зах.), калбатуха ’непрыгодная для яды страва, бурда’ (смарг., Сл. паўн.-зах.). Паводле фармальнага крытэрыю і лінгвагеаграфіі (слова прадстаўлена толькі на захадзе Гродзенскай вобласці) верагодней суаднесці яго з літ. kalbė́ti ’гаварыць’. Тут цікавы выпадак, калі ў прамым значэнні ’гаварыць’ слова не зафіксавана, ёсць толькі двухсэнсоўныя прыклады, такія, як калбатун ’балбатун’ («Калбатун кажуць на таго, хто многа гаворыць», лід., Сл. паўн.-зах., 2, 371). Двухсэнсоўны прыклад таму, што калбатун ’балбатун’ можа быць наватворам на базе калбатаць ’боўтаць’ > ’балбатаць’, аднак больш імаверна, што дэрыват суаднесены з калбатаць ’гаварыць’ або, дакладней, з экспрэсіўным варыянтам ’гаварыць’ — ’балбатаць’. Тут цікавы выпадак працэсу, пры якім суаднесеныя па адной прыкмеце запазычаны і спрадвечныя дзеясловы ўзаемадзейнічаюць такім чынам, што запазычаны — калбатаць (і інш. формы) атрымлівае прамую семантыку бел. баўтаць. Парадаксальным з’яўляецца тое, што былі суаднесены толькі пераносныя значэнні абодвух слоў, а за літуанізмам замацавана адно з асноўных значэнняў дзеяслова боўтаць. Запазычанае слова да таго ж было па-рознаму адаптавана (гл. формы вышэй), гэта, аднак, можна разглядаць і як пазнейшыя трансфармацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)