Бо́ўтаць (у розных значэннях; БРС, Янк. II, Бір. Дзярж., Шат.). Рус. болта́ть, укр. бо́вта́ти, польск. bełtać. Слав. bъlt‑ або bьlt‑. Сюды таксама адносяцца баўта́ць ’боўтаць’ (Нас., Касп.), баўця́к ’рыбная сець’ (Касп.), а таксама балта́ць (Шат.), балты́ш ’палка, якою заганяюць рыбу ў сець’ (Шат.). Гэтыя апошнія формы маюць ‑л‑ (замест ‑ў‑), якое сустракаецца на ўсходзе Беларусі. Лічыцца гукапераймальным словам. Параўн. ням. poltern ’стукаць’, літ. bildė́ti ’шумець, грымець’ і г. д. Бернекер, 118; Праабражэнскі, 1, 35; Брукнер, 20; Слаўскі, 1, 30; Фасмер, 1, 190.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)