Іска́ць ’шукаць’ (Бяльк., Юрч. Сін., Сл. паўн.-зах.), іска́ць, іска́цца ’шукаць у галаве’ (Шат., Касп.). У літ. мове выціснута агульнабел. шукаць. Рус. иска́ть ’шукаць’, дыял. иска́ться ’шукаць у галаве’, укр. дыял. ська́ти ’шукаць у галаве’, польск. iskać ’шукаць вошы’, ст.-чэш. jíiskati ’шукаць’, славац. ískať ’шукаць у галаве’, славен. iskáti ’шукаць’, серб.-харв. ѝскати ’жадаць’, ’шукаць’, балг. и́скам ’жадаць’, ’прасіць’, ’патрабаваць’, макед. дыял. иска ’хацець’. Ст.-слав. искати ’шукаць’, ’імкнуцца, хацець’, ’прасіць’, ст.-рус. искати ’шукаць’, ’імкнуцца, хацець’, ’дамагацца’, ’прасіць’, ст.-бел. искати ’шукаць’. Прасл. *jьskati працягвае і.-е. *ais‑ ’жадаць, хацець, шукаць, патрабаваць’ (Покарны, 1, 16); параўн. літ. ieškóti ’шукаць’, лат. iẽskât ’шукаць вошы’, ст.-інд. iccháti, авест. isaiti ’шукаць, жадаць’, ст.-в.-ням. eiskōn, ням. heischen ’патрабаваць’, англа-сакс. āscian, англ. to ask ’пытацца’. Гл. Фасмер, 2, 139–140; Слаўскі, 1, 729–730; Безлай, 1, 212; Трубачоў, Эт. сл., 8, 238–239, дзе агляд літ-ры.