Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус. бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус. дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус. том. колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)