Тра́сца, тря́сца ‘ліхаманка, малярыя’, ‘дрыжыкі (ад перажывання)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Шпіл., Чач., Бяльк., Мядзв., Яруш., Др.-Падб., Гарэц., Маш., Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), у такім значэнні пашырана паўсюдна на Беларусі (ЛА, 3); тра́сца (trasca) ‘эпілепсія’ (Брасл. сл.), ‘нешта няпэўнае, нядобрае, невядомае, ліха, злая сіла’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ‘раптоўнае прыкрае гора’ (Юрч. Сін.), ‘нічога’ (абазначэнне адсутнасці) (Шат.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.; лаг., Жд. 3): ‘нямнога, вельмі мала’ (Растарг.), ‘лаянкавае слова для называння незадавальнення, абурэння’ (ТС), тра́сцы ‘ні ў якім разе, нічога’ (Юрч. СНЛ): няхай у іх гаршках трасца варыцца (Нар. Гом.), сюды ж трасса ‘ліхаманка’ (Шымк. Собр.), тра́сця ‘тс’ (Арх. Вяр.). Параўн. укр. тра́сця ‘ліхаманка’, дыял. тра́сця ‘тс’, ст.-рус. трѧсьца, трясца ‘тс’ (XIV ст., Сразн.), рус. трясца́ ‘тс’ (Даль), ст.-польск. trząśca ‘тс’. Утворана ад трэсці (< *tręsti) пры дапамозе суф. ‑ца, характэрнага для асабовых назоўнікаў м. і ж. р., звычайна ўтварае т. зв. nomina agentis (Сцяцко, Афікс, наз., 74; Саевіч, Derywacja, 130); табуізаваная назва хваробы ў выніку персаналізацыі, параўн.: на асіне заўсюды сядзяць трасцы (Сержп. Прымхі, 57), параўн. сведчанні Стрыйкоўскага: трꙗсцу або фебру хвалили за бога наши словꙗне, полꙗки, русь, литва (XVII ст., ГСБМ) і Чачота: przez uszanowanie trasca zwana bywa ciotka (Чач. 214). Херэй-Шыманьска (JP, 56, 286–287) лічыць старой паўночнаславянскай назвай хваробы, якая фіксуецца толькі ў некаторых польскіх крыніцах XVI ст., параўн.: tręsawica і trąśca różne choroby są. Улічваючы малую прадуктыўнасць суф. ‑ца на беларускай моўнай тэрыторыі, можна меркаваць пра пранікненне з захаду, падтрыманае інфінітыўным суфіксам зыходнага дзеяслова, або хутчэй вынікам распадабнення спалучэння ‑сс‑, зафіксаванага ў больш старых назвах у Шымкевіча і рускіх дыялектных назвах тря́сса́, тря́сся́ ‘малярыя’ (1819 г., СРНГ). Кантамінацыю дзвюх назваў (гл. трасуха) уяўляе трэсцу́ха ‘ліхаманка’ (Растарг.), якую можна разглядаць як суфіксальнае ўтварэнне ад інфінітыва трэсці, гл. таксама Брукнер, 579 (trząśćca ‘малярыя’ < trząść); ЕСУМ, 5, 665.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)