Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тасќаць ’штурхаць’ (жлоб., акц., ЛА, 2), таска́цца ’штурхацца’ (рэч., ЛА, 2), таскану́ць ’штурхануць’ (рэч., ЛА, 2), сюды ж, відаць, таскатня́ ’перацягванне з аднаго месца на другое; хаджэнне па розных месцах, куды пасылаюць’ (Нас.). Укр. таска́ти ’цягаць’, дыял. таска́ть ’занадта хутка ехаць; гнаць (пра скаціну’; кідаць (што-небудзь цяжкае)’, рус. таска́ть ’цягаць’, польск. дыял. taskać ’тс’, taszczyć ’тс’ (з усх.-слав., Борысь, 628). Параўноўваючы з чэш. tasit ’сячы; вымаць з похваў’, славац. tasiť ’тс’, Махэк₂ (637) разглядае словы як вытворныя (т. зв. sk‑intensivum) ад кораня tes‑, параўн. чэш. tesat ’часаць’, гл. таксама Голуб-Ліер, 478; Голуб-Копечны, 380), гл. бел. часа́ць, цясля́р. Магчыма, роднасныя да літ. tąsýti ’цягаць’, якое з’яўляецца інтэратывам ад tę̃sti ’цягнуць’, ст.-інд. táskaraḥ ’рабаўнік, злодзей’, з і.-е. *ten‑ ’цягнуць’ (ЕСУМ, 5, 525–526; Чарных, 2, 229; Фасмер, 4, 26). Малаверагодна вывядзенне са страчанага *taska ’мяшок, сумка’, параўн. ст.-в.-ням. tasca, італ. tasca і пад. (Абаеў, Этимология–1966, 244).

Тастаме́нт ’завяшчанне’ (ТСБМ), тэстамэ́нт ’запавет’ (Яруш.), тэста́мэнт ’запавет, завяшчанне’ (Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.), ст.-бел. тастаментъ, тастамэнтъ, тэстамэнтъ, дастаментъ ’завяшчанне’ (1484 г., КГС). Са ст.-польск. testament ’тс’, што з лац. testamentum ’тс’ (Карскі, 1, 180; Булыка, Лекс. запазыч., 77).

Тасува́цца ’соўгацца (між людзей)’ (мазыр., ГЧ). Няясна, магчыма, новае ўтварэнне ад тусоўка, тусавацца (гл.) або да тасаваць1, 2, гл.

Тасцёва ’цешча’ (Скарбы; шальч., Сл. ПЗБ), тасцява́ ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ), тасцява́я ’тс’ (гродз., Сл. ПЗБ). З польск. teściowa ’цешча’ ад teść ’цесць’, гл. це́сць.

Тасьма́ ’вузкая тканая ці плеценая палоска для аздаблення адзення або завязвання’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ’вузкая стужка або тасёмка’ (Сцяшк., ТС), ’пасма’: тасьма́ — палоска на клубку нітак (воран., Сл. ПЗБ), та́сьма ’тасёмка’, тасма́ ’тс’ (Нас.). Укр. та́сьма́ ’тасьма, аблямоўка’, рус. тесьма́ ’тасёмка, стужка’, ст.-рус. тасма ’раменьчык’, польск. taśma ’вузкая стужка, тканы паясок’. З цюркскіх моў, дзе з перс. taśma < манг. taśma (Анікін, 538). У старабеларускай мове фіксуецца з 1511 г. у форме тасьма, тесма, крыніцай запазычання якога лічыцца тур. tasma (Булыка, Запазыч., 318; Чарных, 2, 241; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566–567).

Тась-тась-тась ’падзыванне гусей’ (брэсц., Нар. лекс.), ’падзыванне качак’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. тась‑та́сь ’выгук для падклікання качак’, дыял. та́ся‑та́ся, тасю́‑тасю́ ’тс’, тась ’выгук для адгону качак’, рус. дыял. тась‑тась ’падкліканне качак’, польск. дыял. taś taś ’тс’, taśka ’качка’. Адносяць да гукапераймальных утварэнняў (ЕСУМ, 5, 526). Паводле Горбача (Дитяч., 6) з першаснага дзіцячага та́ся ’качка’ < *птася ’птушка’, гл. птах.

Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́та ’мой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatáḥ ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetis ’дзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

*Татаві́на, татовы́на ’лісце на бураках’ (івац., Жыв. сл.), ’націнне’ (Сл. Брэс.). Гл. цяцеўе.

Тата́к ’нібыта, быццам’ (Сцяшк. Сл.), ’так як’ (Бузук, Паўдн.-бел.), та́тык ’як бы, нібы’ (мін., навагр., Стан.), татэ́к ’як’: рыжы, татэ́к я́годка (ПСл). Параўн. балг. та́тък ’там’, дыял. та́така ’далей, туды’. Са спалучэння та і так (гл.), або так як з прыпадабненнем к > т у пачатку слова, параўн. таек, гл. Балгарскія формы не зусім пераканальна разглядаюцца як спалучэнне часціцы і злучніка ta (гл. та) з падвойнай партыкулай t‑k (як у тутака), гл. ESSJ SG, 2, 647.

Тата́р ’татарын’: Устань мілы, татар едзіць, Татар едзіць — вайна будзіць (з нар. песні; ушац., Полымя, 2001, 3, 270). Гл. татарын.