Тата́рын ’прадстаўнік аднаго з народаў цюркскай моўнай групы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4), тата́р ’тс’ (ушац., Полымя, 2001, 3), тата́ры ’народ, асноўнае насельніцтва Татарстана, а таксама некаторыя іншыя народнасці цюркскай моўнай групы’, гіст. ’цюркскія, мангольскія і некаторыя іншыя плямёны Залатой Арды’ (ТСБМ), ’спецыяльныя вайсковыя фарміраванні ў ВКЛ (“казакі, а менавіта татары”)’ (Arche, 2008, 1–2, 89), ст.-бел. татаринъ, татарынъ ’татарын’ (1340 г., КГС), сюды ж татарчу́к ’татарскае дзіця’ (Некр. і Байк.), ’татарын’ (Сл. ПЗБ), татарва́ зборн. ’татары’ (там жа), тата́ршчына ’нашэсце татар’ (ТС), тата́рскі прым. (ТСБМ, Некр. і Байк.), тата́рсʼкі ’тс’ (Вруб.). Укр. тата́ри́н, та́та́р ’тс’, рус. тата́рин, польск. Tatar, Tatarzyn, чэш. Tatar, славац. Tatár, славен. Tatar, серб.-харв. Tàtar, макед. татар, балг. тата́рин, ц.-слав. татаринъ. Запазычанне з цюркскіх моў, дзе тат. татар ’татарын’, тур. Tatar ’тс’, манг. та́тар ’тс’, чув. тутар ’тс’, чагат. татар ’жыхары краіны, што на поўначы ад Кітая’, ст.-цюрк. tatar ’мангол’, магчыма, звязанае з манг. tatari, калм. tatṛ ’той, у каго іншамоўная вымова’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 539). Пачатковы кампанент цюркскага слова tat‑ першапачаткова значыў ’іранец’ (ЕСУМ, 5, 527).