Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́та ’мой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatá ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetis ’дзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)