Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сле́дчы ‘хто вядзе следства’ (ТСБМ). Крукоўскі (Уплыў, 119) безпадстаўна лічыць калькай рус. сле́дователь, параўн. польск. śledczy ‘тс’ і іншыя назвы службовых асоб, шырока вядомыя ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай (ст.-бел. ловчий ‘арганізатар вялікакняжацкага палявання’, крайчий ‘прыдворны, які разразаў ежу, што падавалася вялікаму князю’, а таксама створанае па гэтай мадэлі мостовничий, сокольничий і пад.). Параўн. і народнае следзі́ць ‘асочваць’: пошлі следзщь по следам, то нашлі (ТС).

Слень ‘луска’ (мазыр., Шатал., ТС; чач., ЛА, 1), слінь ‘тс’ (тураў., ЛА, 1), свень ‘тс’ (мазыр., ЛА, 1), слень ‘слізь’ (ТС). Рус. урал., астрах. слён, слень ‘цвёрдая слізь, якой рыба пакрываецца на зіму’. Паводле Міклашыча (307), звязана з слізь, слізкі (гл.); Фасмер (3, 669) прапаноўвае разглядаць як ступень чаргавання да сліна (гл.), магчыма, *сльнь або *слень, а таксама прапаноўвае сувязь з глень, з якога можа быць пераўтворана пад уплывам слоў на сл‑.

Слепанда́ (сьлепанда́) экспр. ‘сляпы, слепаваты чалавек’ (ашм., Стан.), слепе́нда ‘падслепаватая жанчына’, слепенджа́ ‘тс’ (ТС), слепандзя́ ‘пра таго, хто кепска бачыць’ (Скарбы), слепяндзя́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), слепэньдя́ ‘тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), сляпандзя́ ‘тс’ (віл., там жа), сьліпіньдзя́ ‘хто не сочыць за сваёй работай’ (Варл.), сляпі́ндра, сьліпідра́ ‘слепаваты чалавек’ (Янк. 3., Яўс.). Карскі (2–3, 30) лічыць новаўтварэннямі пры дапамозе складаных суфіксаў, параўн. скупянда́ (гл.). Аднак некаторыя з гэтых фармантаў (‑енда, ‑ендзя, ‑янда, ‑янджа, ‑інда, ‑індра, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 43, 98, 108) вядомыя і ў іншых славянскіх мовах (адносна балг. ‑ендра, ‑индра гл. Младэнаў, СЕ, 4, 2, 70).

Сле́пет1 зборн. ‘пчолы (дзікія)’, ‘дупло, у якім жывуць дзікія пчолы’ (Мат. Гом.), ‘мёд з дупляных лясных вулляў’ (Сцяшк. Сл.), слепета́ зборн. ‘дзікія пчолы’ (ПСл, Мар. Том.), сле́пат ‘тс’ (Некр., Маш.; палес., Сержп. Бортн.), сле́пят ‘тс’ (Маш.), сле́паты ‘тс’ (Некр.), сле́пет, сле́пят, сле́пяты, сле́патні, сле́плі, сляпні́, сле́пцы, сляпцы́ ‘тс’ (ЛА, 1), сле́петы, сле́патні ‘тс’ (ТС, Шатал.), сле́пета, сле́пето, сле́пецень, сле́пацень, сле́пет, сле́пят, сле́пец, сляпа́к ‘дупло, дзе пчолы’ (ЛА, 1); слепатне́ ‘лясныя пчолы, што жывуць у дуплах’ (ганц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слепетъ (свепетъ) ‘дзве борці, злучаныя разам на дрэве’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. палес. сле́пень, слє́потєнь, слі́епетєнь ‘тс’. Паводле Машынскага (Pierw., 188), узыходзіць да прасл. *svep‑. Хутчэй за ўсё, у выніку збліжэння з сляпень (гл.), параўн. лезці сле́петнем (слепіцэю) ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС). Параўн. ЕСУМ, 5, 304. Гл. свепет.

Сле́пет2 ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorose L.’ (Шат., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘казялец, Ranunculus L.’ (Сл. ПЗБ), слепата́ ‘тс’ (там жа). Калі меркаваць па іншых назвах раслін (сляпуха, кураслеп, слепнік (Сцяшк. Сл.), рус. куричья слепота, укр. сліпота, курослі́п), ад сляпы‑ (гл.) з суф. ‑et‑, ‑ot‑ (‑e‑ у суфіксе можа быць пад уплывам каранёвага галоснага, гл. Вондрак, Vergl. gr., 1, 450); паводле Аненкава (34), у народнай медыцыне першая з названых раслін ужываецца супраць курынай слепаты. Параўн. ЕСУМ, 5, 305.

Сле́пець (сьле́пяць) ‘сырая пагода з мокрым снегам’ (навагр., Жыв. сл.). Рус. слепня́к ‘мокры снег камякамі’. Ад сляпы, параўн. сляпы́ снег ‘снег пры яркім сонцы’ (Сцяшк. Сл.), магчыма, ‘такі, што слепіць вочы’, гл. сляпучы ‘які слепіць вочы’ (там жа); мяркуючы па рэдкасці суфікса ‑etь (параўн. Вондрак, Vergl. gr., 1, 483), даволі архаічнае ўтварэнне.

Сле́сар ‘рабочы-металіст’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Пятк. 1), слёсар ‘тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл.), сло́сар ‘тс’ (Сцяшк.), сляса́р ‘тс’ (Ласт.). Ст.-бел. слесаръ, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 89), праз ст.-польск. ślosarz з ням. Schlosser ‘тс’; паводле Новавейскага (Zapożyczenia, 11), польск. ślusarz з с.-в.-ням. sloʒʒer ‘тс’. Параўн. яшчэ ст.-бел. слосар ‘тс’ (Вярхоў, Наз., 17). Варыянтнасць у народнай і літаратурнай мове сведчыць аб розных крыніцах запазычання і розных ступенях адаптацыі.

Сле́цце (сьле́цьце) ‘плады’ (Arche, 2007, 3), сьле́ціва ‘зеляніна, гародніна’, сьле́ціўя ‘тс’ (Ласт.). Параўн. рус. дыял. сле́тье ‘ураджай; жыта; гародніна’. Відаць, да лета ‘летняя пара, пара спеласці’ (гл.); меркаванні Пацюпы (Arche, 2007, 3, 209) пра сувязь з укр. літь ‘цечка’, лі́тити ‘апладняць’ могуць мець падставы пры ўмове паходжання гэтых слоў ад лі́то (гл. лета), параўн. ЕСУМ, 3, 272. Параўн. таксама сле́тнік (сьле́тнік) ‘стары зняможаны конь, якога куплялі танна вясной для выкарыстання летам’ (полац., Шатал.).

Слёз ‘струменьчык вады, які б’е з крыніцы’ (ТС). Да слізіць (гл.).

Слёзкі ‘дрыжнік, Briza L.’ (ТСБМ, Касп., Гарэц., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘расіца, Drosera rotundifolia L.’, слёзка ‘чорнагалоў, Prunella L.’ (Нас.), ‘фуксія’ (ушац., Жыв. сл.; ТС). Часта ў складаных назвах тыпу зязюліны слёзкі, параўн. слёзкі божэй ма́церы ‘гваздзік палявы’ (ТС), божыя слёзкі ‘тс’ (Кіс.), слёзкі авечыя ‘сачавіца’ (Сл. ПЗБ) і г. д. Аналагічна і ў іншых славянскіх мовах: рус. слёзки ‘гваздзіка, Dianthus deltoides’, кукушкины слёзки ‘дрыжнік’, чэш. slzy Panny Marie ‘тс’. Да сляза (гл.), мабыць, паводле формы каласкоў, круглявых або яйкападобных.

Слёзнік ‘чальчак, Lythrum salicaria L.’ (Ласт., Кіс., Мат. Гом.), іншая назва плаку́н (Ласт.). Да сляза (гл.), паводле Ластоўскага (Ласт., 799), “народ верыць, што ад яго плачуць ведзьмы і чэрці”; паводле Мат. Гом., “капае з ее сок”.